1772

Стала вядома, колькі разоў і за што Міністэрства інфармацыі сёлета папярэджвала СМІ

21.12.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Міністэрствам інфармацыі ў 2017 годзе было вынесена 17 пісьмовых папярэджанняў (сямі СМІ і сямі інфармацыйным рэсурсам) (аднаму — двойчы і аднаму — тройчы).

Такія звесткі на запыт прэс-сакратара ГА “БАЖ” Барыса Гарэцкага па стане на 20 снежня прадаставіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Чыноўнік паведамляе, што найбольшая колькасць парушэнняў  у СМІ сёлета — гэта распаўсюд недакладнай інфармацыі.

— Каб пазбегнуць парушэнняў, сродкі масавай інфармацыі павінны распаўсюджваць інфармацыю, якая адпавядае рэчаіснасці. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці СМІ павінна з'яўляцца дакладнасць інфармацыі. Уладальнікі інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак), размешчаных ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, абавязаны не дапускаць выкарыстання гэтых інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак) для распаўсюджвання інфармацыі, змест якой супярэчыць патрабаванням заканадаўства, — гаворыцца ў адказе.

Апроч гэтага, за мінулы перыяд 2017 года Міністэрства інфармацыі прыняла рашэнне аб абмежаванні доступу да 106 інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак), размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт.

Таксама ў перыяд з 01.01.2017 года па 01.12.2017 года Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праяваў экстрэмізму 320 разоў прыходзіла да высновы аб наяўнасці ў тых ці іншых матэрыялах прыкметаў праявы экстрэмізму.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!