НЕ - ВАЙНЕ!
244

Стала вядома, чаму ГУБАЗіКу загадалі больш не паказваць прыніжальныя відэа

08.12.2022 Крыніца: Наша Ніва

6 снежня зранку ў беларускай інфармпрасторы з'явілася нечаканая навіна. Канал сілавікоў, які рэгулярна публікаваў і смакаваў відэа з затрыманымі па палітычных меркаваннях на фоне дзвярэй, анансаваў, што «змяняе фармат публічнай падачы інфармацыі». І надалей калі такія відэа калі і будуць з'яўляцца, то па мінімуме. Проста так у лукашэнкаўскай сістэме нічога не бывае, і таму мы пастараліся разабрацца, што за гэтым стаіць. 

Сілавікі два гады выстаўлялі прыніжальныя відэа са сваімі ахвярамі — часам са слядамі катаванняў або здзекаў. Відэа былі зманціраваныя, каб выставіць рэпрэсаваных у кепскім святле, і суправаджаліся здзеклівымі каментарамі.

Некаторыя пабачылі ў заяве знак магчымага сцішэння тэмпаў рэпрэсіўнага канвеера. Па інфармацыі «Нашай Нівы», прычына іншая. Лукашэнкаўцы ўсе апошнія гады настойліва намагаліся максімальна абмежаваць магчымасці СМІ і праваабарончых арганізацый атрымліваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, у тым ліку і ў галіне рэпрэсій. У такой сітуацыі відэа з затрыманымі сталі важнай крыніцай інфармацыі.

Вядома, што лукашэнкаўцы метадычна апрацоўваюць затрыманых, іх сем'і, а таксама вызваленых палітвязняў, каб яны нічога не расказвалі журналістам і праваабаронцам.

Рэпрэсаваных і іх сваякоў падманваюць, што, калі розгалас пра справу шырока не панясецца, то яе наступствы будуць больш мяккімі. Звычайна гэтыя спадзяванні не спраўджваюцца.

Лукашэнкаўцы таксама да крайнасці абмежавалі працу адвакатаў. Ім забараняюць паведамляць нават артыкулы, па якіх абвінавачваюцца іх падабаронныя.

У такіх умовах акурат відэа ГУБАЗіКа апошнім часам сталі адной з крыніц інфармацыі пра затрыманні.

Менавіта пасля іх публікацыі, у тым ліку і «Нашай Ніве», нярэдка ўдавалася даведацца пра лёс нейкіх людзей і нават па гэтых нітачках размотваць клубок цэлых «спецаперацый». 

У кіраўніцтве карных структур прыйшлі да высновы, што гэтыя відэа наносілі сістэме больш шкоды, чым карысці. Яны неслі функцыю застрашвання, але паралельна яны давалі інфармацыю пра колькасць і імёны рэпрэсаваных, а таксама пра метады затрыманняў і следства. 

Такую практыку вырашылі спыніць — да жалю некаторых непасрэдных выканаўцаў, якія атрымлівалі задавальненне ад публічнага прыніжэння людзей.

Можна меркаваць, што зараз затрыманні і катаванні будуць працягвацца як і раней — але ціха. Праз гэта не будзе настолькі кідацца ў вочы маштаб рэпрэсій і бесчалавечнае стаўленне сілавікоў да людзей.

Лукашэнкаўская вярхушка хоча, каб стала як пры Сталіне: знік чалавек — і цішыня. 

Гэта ставіць новыя выклікі перад праваабаронцамі і журналістамі. 

«Пра рэальную змену палітыкі будуць сведчыць толькі кадравыя перамены на ключавых пазіцыях, а таксама вызваленне палітвязняў і спыненне арыштаў. Нават калі Лукашэнка і захоча прадаць Захаду касметычныя меры кшталту спынення паказу арыштаваных, на гэта не варта купляцца», — сказаў «Нашай Ніве» на ўмовах ананімнасці супрацоўнік дзяржаўнага апарата.

Чытайце яшчэ:

Чем известна Лариса Щирякова, которую задержали в Гомеле

«А хто робіць свет лепшым? Ідэалісты», – размова пра Нобелеўскую прэмію і справу, якая больш за працу

Муж палітзняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай звярнуўся да Офісу Ціханоўскай

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!