НЕ - ВАЙНЕ!
317

Справядлівасць не для ўсіх. Чаму крымінальны артыкул за “перашкоду дзейнасці журналіста” распаўсюджваецца толькі на прапагандыстаў

05.12.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Следчы камітэт адрапартаваў пра завяршэнне расследавання ў адносінах аднаго з удзельнікаў масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступнага гвалту сілавікоў. Акрамя традыцыйнага абвінавачання ў "грубым парушэнні грамадскага парадку", яго хочуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за "перашкоду законнай дзейнасці журналіста". 

Паводле версіі следства, 11 кастрычніка 2020 года падчас апазіцыйнага шэсця на праспекце Пераможцаў у Мінску малады чалавек “перакрываў дарогу, перашкаджаў праезду машын хуткай дапамогі і міліцэйскай спецтэхнікі”, а таксама “наўмысна штурхнуў аператара і супрацоўніка тэлеканала СТБ, спрабуючы выбіць з іх рук дарагое абсталяванне”. 

Дзеянні 25-гадовага фігуранта кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 342 КК (“Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што прывяло да парушэння працы транспарту і прадпрыемстваў, пры адсутнасці больш цяжкага злачынства”) і арт. 198 КК (“Перашкода ў якой бы ні было форме законнай прафесійнай дзейнасці журналіста, учыненае з ужываннем гвалту, пагрозай яго прымянення, ушчамленнем правоў і законных інтарэсаў журналіста”). 

У першым выпадку Крымінальны кодэкс прадугледжвае максімальны тэрмін зняволення да 4 гадоў, у другім — да 3 гадоў.

З санкцыі пракурора да абвінавачанага ўжытая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.  

“Пераследуючы нізінныя перакананні і мэты, пыхліва разлічваючы на беспакаранасць, некаторыя грамадзяне, дэманструючы сваю сацыяльную перавагу, аб'ядноўваліся ў злачынныя групы і ладзілі вулічныя беспарадкі, выходзілі на праезныя часткі, перакрываючы рух транспарту. Следчым упраўленнем па горадзе Мінску завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з такіх “вулічных байцоў” за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і перашкоду законнай дзейнасці журналіста”, — канстатуе афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па гораду Мінску Кацярына Гарлінская.

Зрэшты, як аказалася, пакарання запатрабавалі менавіта тэлевізійнікі.

У паведамленні Следчага камітэта гаворыцца, што апытаныя “пацярпелыя і сведкі надзвычайнага здарэння”. У сваю чаргу “экспертамі” праведзены агляд відэазапісу камеры здымачнай групы СТБ, якая “даказвае супрацьпраўныя дзеянні трэцяй асобы.  

Пры гэтым ведамства не адмовіла сабе ў задавальненні прывязаць да арганізатараў масавых пратэстаў “экстрэмісцкія каналы”, якія нібыта адмыслова правакавалі ўдзельнікаў на гвалт у адносінах да староннікаў існуючага палітычнага ладу. 

“...Браў актыўны ўдзел у злачынствах, якія курыруюцца праз тэлеграм-каналы экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый. Прачытаўшы пра вулічную “сходку”, 11 кастрычніка 2020-га экстрэміст выйшаў на праспект Пераможцаў. Усім сваім выглядам ён паказваў гатоўнасць да радыкальных дзеянняў, у тым ліку прычынення фізічнага гвалту да любых асоб, якія супрацьдзейнічаюць яму і аднадумцам. Падчас вулічнага тэрору агрэсар натхніўся заклікамі натоўпу і, сустрэўшы на сваім шляху журналіста з аператарам, наўмысна штурхнуў прадстаўнікоў здымачнай групы і спрабаваў выбіць з іх рук тэлевізійнае абсталяванне”.

 Дзяржаўныя медыя напоўніцу карыстаюцца сваім асаблівым статусам “недатыкальных” — і перадусім у гэтым вызначыўся штатны рупар Рыгор Азаронак.   

Так, летась выкладчыцу англійскай мовы Вольгу Калацкую суд прызнаў вінаватай у “злосным хуліганстве” (ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК) за тое, што жанчына падчас адной з акцый адвесіла поўху маладому прапагандысту. Фігурантка на працэсе расказала, што была абражаная правакацыйнымі паводзінамі дзяржаўнага журналіста і ў стане эмацыйнага ўзбуджэння зрабіла “сімвалічны жэст”.

Суддзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу абмежаваннем волі на 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Якраз сёння, 5 снежня, Мінскі абласны суд пакараў 20-цю гадамі зняволення жыхара Ліды Дзмітрыя Сасноўскага. Мужчыну затрымалі 1 чэрвеня 2021 года за нібыта “арганізацыю замаху” на ўсё таго ж Рыгора Азаронка. Ужо па ходу працэсу ў справе “Атрадаў грамадзянскай самабароны Беларусі” абвінавачанне перакваліфікавала для яго матывавальную частку з "падрыхтоўкі" на "акт тэрарызму". Дзмітрый Сасноўскі падчас дачы паказанняў заявіў, што пасля затрымання да яго ўжывалі гвалт і катаванні, а ў злачынства ўцягнулі падчас следчага эксперыменту. 

Пры гэтым ні Следчы камітэт, ні Генпракуратура, ні Міністэрства інфармацыі ніяк не рэагуюць на фактычную забарону на прафесію для прадстаўнікоў незалежных медыя. Па надуманых прычынах за кратамі больш за тры дзясяткі журналістаў, многія рэдакцыі спынілі дзейнасць альбо ў эміграцыі, а шэраг СМІ прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Аднак дзяржаўныя ведамствы згадваюць пра закон толькі тады, калі ў якасці “пакрыўджаных” паўстаюць лаяльныя прапагандысты. 

Чытайце яшчэ:

Рэдактар Hromadske.tv Анастасія Станко: «Некалькі маіх сяброў забітыя, мы жывём без электрычнасці, гарачай вады. Але я мушу быць аб’ектыўнай»

Выйшаў фотаальбом журналіста Вітаўта Мартыненкі пра беларускую рок-культуру

Журналиста "КП в Беларуси" Геннадия Можейко обвинили ещё и в оскорблении Лукашенко

 

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!