284

Справу журналіста Яна Романа таксама накіравалі на перагляд

10.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскі абласны суд 9 верасня скасаваў рашэнне Кастрычніцкага раённага суда Гродна пра пакаранне журналіста Яна Романа адміністрацыйным штрафам.

Паводле пастановы абласнога суда, адміністрацыйная справа ў дачыненні Яна Романа накіраваная ў Кастрычніцкі райсуд на новы разгляд іншым суддзёй.

Ян Роман быў затрыманы ў Гродне 10 жніўня каля будынка Кастрычніцкага РАУС. Журналіст выконваў свае прафесійныя абавязкі і высвятляў лёс калег, затрыманых міліцыяй напярэдадні. У пастарунку на Романа склалі адміністрацыйны пратакол за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).

Падчас затрымання праваахоўнікі жорстка збілі Яна Романа: яму выбілі чатыры зубы, зламалі нос і костку твара. У такім фізічным стане амаль суткі яго трымалі пад вартай  да суда.

11 жніўня выязны суд Кастрычніцкага раёна Гродна на падставе міліцэйскага пратакола прызнаў журналіста вінаватым і вынес пакаранне — 15 базавых велічынь штрафу. Ян Роман абскардзіў судовае рашэнне ў абласную інстанцыю.

У гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Ян Роман зазначыў, што крыху здзіўлены рашэннем абласнога суда, бо звычайна пастановы папярэдніх судовых інстанцый пакідаюць у сіле. Журналіст скіраваны далей змагацца за свае правы і дамагчыся справядлівасці.

За дзень да гэтага, 8 верасня, Гродзенскі абласны суд адмяніў   адміністрацыйнае пакаранне журналісту Сяргею Людкевічу.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!