НЕ - ВАЙНЕ!
224

«Справу БелаПАН» пачнуць разглядаць 6 чэрвеня ў закрытым фармаце

24.05.2022 Крыніца: Радыё Свабода

Суд над супрацоўнікамі БелаПАН распачнецца 6 чэрвеня.

Справа будзе слухацца ў закрытым фармаце Менскім абласным судом. Працэс будзе праходзіць у выязным паседжаньні ў будынку суда Менскага раёна, паведамілі ў судзе.

Раней пракуратура накіравала ў Менскі гарадзкі суд крымінальную справу былых кіраўнікоў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай, мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і ягонай дзяўчыны, грамадзкай актывісткі Ірыны Злобінай.

Былы намесьнік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна знаходзяцца пад вартай з 12 студзеня 2021 году, былы дырэктар Дзьмітры Наважылаў і Ірына Леўшына, якая зьмяніла яго на гэтай пасадзе, — з 18 жніўня.

Усе яны прызнаныя палітзьняволенымі, іх перасьлед — палітычна матываваным.

 

У чым вінавацяць супрацоўнікаў БелаПАН

Аляксандраву і Злобінай ставіцца ў віну «падрыхтоўка з 14 жніўня 2020 году па 12 студзеня 2021 году ня менш як 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, шляхам аплаты адміністрацыйных штрафаў, рахункаў за харчаваньне ў месцах утрыманьня і адбываньня адміністрацыйных арыштаў; рахункаў за паслугі адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйных і крымінальных працэсах, а таксама аказваюць іншую юрыдычную дапамогу». Гэтыя дзеяньні кваліфікаваны паводле ч. 2 арт. 342 КК.

Ім жа інкрымінуецца «аказаньне дапамогі замежнай арганізацыі ByHelp і яе прадстаўнікам у дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 1 арт. 356 КК).

Акрамя таго, Аляксандраву і Наважылаву інкрымінуецца «ўхіленьне ад выплаты ЗАТ „БелаПАН“ падаткаў пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня за 2015–2020 гады і падаходнага падатку зь фізычных асоб за люты 2015 году — красавік 2021 году шляхам утойваньня, наўмыснага заніжэньня падаткаў. У дэклярацыі (разьлікі) нібыта загадзя ўносіліся лжывыя зьвесткі, што пацягнула прычыненьне дзяржаве шкоды ў памеры каля 450 тысяч рублёў» (ч. 2 арт. 243 КК).

Ірыну Леўшыну абвінавачваюць арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса - стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім.

Інфармацыйная кампанія БелаПАН прызнана экстрэмісцкім фармаваньнем рашэньнем Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ад 1 лістапада. У адпаведным сьпісе, апублікаваным на сайце МУС, запіс аб гэтым зьявіўся толькі 12 лістапада.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!