478

Справа з наездам на журналістаў у Нароўлі: зафіксаваныя лёгкія цялесныя пашкоджанні

29.09.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Судмедэкспертыза зафіксавала ў журналіста Аляксея Атрошчанкі лёгкія цялесныя пашкоджанні пасля таго, як чыноўніца наехала на яго на "Мерсэдэсе".

Судова-медыцынская экспертыза пацвердзіла факт наяўнасці ў журналіста Аляксея Атрошчанкі лёгкіх цялесных пашкоджанняў пасля таго, як чыноўніца наехала на яго на "Мерсэдэсе".

Нагадаем, у верасні журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанка апытвалі жыхароў Нароўлі пра працу і заробкі ў райцэнтры.

Але, куды б ні ехаў аўтамабіль фрылансераў, за ім неадступна імчаў “Мерсэдэс”.

На стаянцы насупраць міліцыі Аляксей Атрошчанка пайшоў высветліць, можа, цікаўныя хочуць нешта пракаментаваць на відэакамеру. Аднак “Мерсэдэс”, за стырном якога была маладжавая жанчына, нечакана сарваўся з месца.

“Я падыходзіў спераду, кіроўца не магла мяне не бачыць. Машына ўдарыла мне бамперам па нагах. Ды так, што я наваліўся на капот”, — тлумачыць Аляксей.

Жанчына за рулём “Мерсэдэса” — першая намесніца старшыні Нараўлянскага райвыканкама Наталля Коваль, адказная за ідэалагічную работу, адукацыю, культуру, ахову здароўя  і сацыяльную абарону насельніцтва.

З нагоды інцыдэнту Аляксей Атрошчанкаў напісаў заяву ў РАУС.  Цяпер чакаецца разгляд гэтай заявы.

Юрыст Алег Агееў мяркуе, што справа будзе кваліфікаваная як "парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула за сабой нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў". У такім выпадку заяву будзе разглядаць старшыня мясцовай дзяржаўтаінспекцыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!