289

Справа аб экстрэмізме: Гэта нонсэнс — абвінавачваць антыфашыста ў выкарыстанні нацысцкай атрыбутыкі

21.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Гродзенец Аляксандр Горбач атрымаў штраф у 735 рублёў (30 базавых) за перапосты у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” абрэвіатур  і здымкаў антыфашысцкага зместу. 20 лістапада суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Валерый Шпак, разгледзеўшы справу Горбача, прызнаў яго вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч. 2 арт. 17.11 КаАП) і нацысцкай сімволікі (арт. 17.10 КаАП).

17.10 КаАП: Прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, у тым ліку з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт альбо іншай інфармацыйнай сеткі, выраб і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі.

ч. 2 арт. 17.11 КаАП: Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

Аляксандр Горбач лічыць гэтае рашэнне суда абсурдным і намераны яго абскарджваць.

“Сваё абурэнне я ўжо перажыў у момант першай размовы ў ГУБАЗе, калі была ініцыяваная гэта справа. Я не меў ілюзій наконт беларускага правасуддзя ад самога пачатку. Я нават першапачаткова “здагадаўся” пра вынік – колькі і па якім артыкуле мне дадуць. Скажу больш, што не чакаю ніякіх зменаў у абласным судзе, хіба нешта зменіцца ў Вярхоўным, бо я не збіраюся спыняцца. Гэты суд — абсурд, і мяне абразіла рашэнне суда па артыкуле 17.10. Гэта нонсэнс — абвінавачваць антыфашыста пры яўным антыфашысцкім змесце перапосту ў выкарыстанні нацысцкай атрыбутыкі”, — пракаментаваў вынік судовай справы ў гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Аляксандр Горбач.

Праваабаронца і сябра ГА “БАЖ” Уладзімір Хільмановіч упэўнены, што суд Кастрычніцкі райсуд Гродна ладзіць нейкі адмысловы эксперымент:

“Трэба разглядаць гэты адміністрацыйны працэс у кантэксце шэрагу працэсаў, ініцыяваных Кастрычніцкім РАУС. Па сутнасці і з юрыдычнага гледзішча гэтыя працэсы высмактаныя з пальца. Калі чалавек заходзіць у інтэрнэт, ён не можа аўтаматычна ведаць, якія рэсурсы забароненыя, а якія дазволеныя. Калі нейкі інтэрнэт-рэсурс забаронены, то дзяржаўныя службы павінныя былі яго заблакаваць, папросту чалавек не мусіў трапіць на гэты рэсурс.

Напрыклад, справа Уладзіслава Серады: яго судзілі за тое, што ён рэпостнуў матэрыялы, якія на той момант не былі ўнесеныя ў рэестр забароненых. Таму гэтыя ўсе справы — юрыдычны абсурд, яны носяць характар пераследу за іншадумства, за распаўсюд інфармацыі”, — лічыць Уладзімір Хільмановіч.