1277

Спецдакладчык ААН па сітуацыі з праваабаронцамі Мішэль Форст параіў журналістам звяртацца да яго наўпрост

17.04.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У офісе ГА “БАЖ” адбылася сустрэча са Спецдакладчыкам ААН па сітуацыі з праваабаронцамі Мішэлем Форстам. У сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі БАЖ, журналісты Паўлюк Быкоўскі, Таццяна Каравянкова, Марына Золатава, Дзіяна Серадзюк.

Спецдакладчык ААН па сітуацыі з праваабаронцамі Мішэль Форст знаходзіцца ў Беларусі з неафіцыйным візітам па запрашэнню Беларускай асацыяцыі журналістаў, грамадскай арганізацыі “Прававая ініцыятыва”, Беларускага Хельсінскага камітэту.

Рэдактар партала Tut.by Марына Золатава падчас сустрэчы распавяла пра “справу БелТА”, у межах якой яна была асуджаная. Па словах Золатавай, парушэнне, якое дапусцілі журналісты, было несувымернае  з масштабам пераследу рэдакцый і журналістаў — затрыманні, вобшукі, допыты, вялікія штрафы, крымінальная справа. Яна мяркуе, што ціск на Tut.by можа быць звязаны з тым, што незалежныя медыя куды больш папулярныя ў аўдыторыі, чым дзяржаўныя. А ўлады ўсяляк імкнуцца іх узяць пад кантроль.

Журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова заўважыла, што “справа БелТА”  магла быць задуманая, у тым ліку, і каб мець магчымасць пакапацца ў кампутарах журналістаў.  

“Улады атрымалі шмат інфармацыі пра тое, як працуюць агенцтва БелаПАН, партал Tut.by, хто крыніцы інфармацыі і гэтак далей”, — сказала Таццяна.

Расказваючы пра праблемы журналістаў, Каравянкова адзначыла, што прадстаўнікі ўлады імкнуцца не ісці на кантакты з журналістамі, адмаўляюць у акрэдытацыях. Напрыклад, БелаПАН ужо больш за год не можа патрапіць на мерапрыемствы з удзелам прэзідэнта і прэм’ер-міністра.

“І абскардзіць мы гэта не можам. Нам проста адказваюць “таму што”, — распавяла Таццяна Каравянкова.

Журналіст Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі сказаў, што ў Беларусі назіраюцца відавочныя электаральныя цыклы, у якіх ёсць перыяды зачысткі, лібералізацыі, потым зноў пачынаецца закручванне гаек. “Калі разглядаць “справу БелТА як элемент гэтага цыкла, то ён пачаўся занадта рана. Калі гэта сапраўды так, то гэта могуць быць пэўныя сімптомы зменаў мышлення ў правячым коле”, — агучыў свае развагі Быкоўскі.

Намеснік старшыні ГА “БАЖ” Барыс Гарэцкі згадаў пра праблемы доступа да інфармацыі, пераслед журналістаў тэлеканала “Белсат”, затрыманні і перашкоды журналістам у працы.

Пра гэта ж на ўласным прыкладзе расказала журналістка “Новага Часу” Дзіяна Серадзюк, якую судзілі быццам бы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, але насамрэч яна асвятляла акцыю побач з пасольствам Украіны.

Спецдакладчык ААН па сітуацыі з праваабаронцамі Мішэль Форст распавёў, што сітуацыя ў галіне медыя, правы журналістаў уваходзяць у сферу яго прафесійнай дзейнасці.

Спадар Форст адзначыў, што часта працуе супольна са спецдакладчыкам ААН па свабодзе прэсы. Ён патлумачыў, што існуе механізм ЮНЕСКА ў сферы абароны журналістаў.  Калі ў экстрэмальных сітуацыях задзейнічаны гэты механізм, Генеральны сакратар ЮНЕСКА наўпрост звязваецца з МЗСам пэўнай краіны і просіць паўплываць на вырашэнне сітуацыі. Аднак гэта застаецца канфідэнцыйным і не выносіцца ў публічную прастору.

Спецдакладчык ААН па сітуацыі з праваабаронцамі Мішэль Форст параіў журналістам наўпрост звяртацца да яго з просьбай адрэагаваць на нейкія падзеі. У такім разе ён зможа даць працяг гісторыі і запусціць механізм межнародных рэакцый. Што ў выніку можа паўплываць на сітуацыю ў станоўчым сэнсе.

Спадар Форст у межах неафіцыйнага візіту ў Беларусь сутракаецца з праваабаронцамі, журналістамі, прадстаўнікамі МЗС, Міністэрства юстыцыі.

Мішэль Форст з'яўляецца спецыяльным дакладчыкам ААН з 2014 года. Яго мандат скончыцца летам 2020 года, але перад гэтым ён прадставіць яшчэ два сваі даклады аб становішчы праваабаронцаў.

У снежні 2018 года Мішэль Форст прадставіў гадавы перыядычны даклад, дзе ёсць раздзел і па Беларусі. А ў лютым 2019 года на Савеце па правах чалавека ім быў прадстаўлены даклад «Палажэнне жанчын-праваабаронцаў».

Арлем Дэзір: У Беларусі ёсць смелыя журналісты, гатовыя змагацца за плюралізм меркаванняў

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!