134

Слонімскіх журналістаў наведалі кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў

16.09.2020 Крыніца: Мікола КАНАНОВІЧ для BAJ.BY

У сераду, 16 верасня, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і намесніца старшыні Аліна Суравец наведалі рэдакцыю “Газеты Слонімскай”, дзе сабраліся сябры Слонімскай суполкі БАЖ і работнікі рэдакцыі.

Сустрэча пачалася з узаемных віншаванняў з нагоды 25-гадовага юбілею БАЖ. Акурат 25 гадоў таму, 16 верасня 1995 года, было зарэгістравана грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. За гэты час шмат што змянілася ў краіне і ў самой арганізацыі недзяржаўных журналістаў. Нязменным пакуль застаецца толькі прэзідэнт Беларусі, які кіруе краінай на год больш, чым існуе БАЖ.

Падчас сустрэчы ў Слоніме мясцовыя  і сталічныя журналісты падзяліліся  сваімі думкамі і ўражаннямі наконт паслявыбарных падзеяў у краіне і асаблівасцямі журналісцкай працы ў гэты час у сталіцы і ў рэгіёнах.

У БАЖы вырашылі сёлета не праводзіць юбілейныя ўрачыстасці, паколькі беларускія ўлады вядуць сапраўдную вайну супраць работнікаў незалежных СМІ — іх за прафесійную дзейнасць затрымліваюць, штрафуюць і садзяць на суткі па сфабрыкаваных справах аб удзеле ў несанкцыяваных масавых мерапрыемствах.

Такога ціску, як у гэты юбілейны для БАЖ 2020 год,  беларускія журналісты не ведалі за ўсю навейшую гісторыю Беларусі. І гэта знакавы паказчык якасці нашай працы, якая была, ёсць і будзе працягвацца, нягледзячы ні на якія цяжкасці, адзначалася ў размове за круглым сталом у рэдакцыі “ГС”.

Толькі праўдзівае інфармаванне грамадства пра тое, што адбываецца тут і зараз, дапаможа ў перспектыве палепшыць якасць жыцця ў нашай краіне.

Пра працу ў рэдакцыі “Газеты Слонімскай” падчас сустрэчы распавяла выдавец, начальнік рэкламнай службы і журналіст выдання Ганна Валадашчук.

Напрыканцы сустрэчы намеснік старшыні БАЖ Аліна Суравец пацікавілася, якая дапамога патрэбна цяпер слонімскім журналістам у іх прафесійнай дзейнасці. Таксама былі абмеркаваны некаторыя тэхнічныя моманты журналісцкай працы ў цяперашніх умовах.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!