НЕ - ВАЙНЕ!
228

Следчы камітэт анансаваў справу аб “фінансаванні масавых беспарадкаў” для кіраўнікоў “Вясны”

28.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Кіраўніцтва Следчага камітэта адрапартавала пра поспехі ў “барацьбе з экстрэмізмам”: больш за 11 тысяч зафіксаваных “злачынстваў” пратэстнага характару, пачынаючы ад 2020 года.  

“Следчыя працягваюць атрымліваць новыя доказы незаконнай дзейнасці прыхільнікаў радыкальных поглядаў. Некаторыя грамадзяне спансіруюць экстрэмісцкую дзейнасць, іншыя вырашаюцца на тэрарыстычны акт. Аднак жорсткасць прыняцця мер дзеля спынення злачынстваў сведчыць пра адно: парушальнікі будуць выяўленыя і адкажуць па ўсёй строгасці закона”, — цытуе намесніка старшыні Следчага камітэта Анатоля Васільева сайт ведамства. 

У Беларусі адвольныя прысваенні “экстрэмісцкіх” і нават “тэрарыстычных” статусаў увайшлі ў звыклы ўжытак разам з маштабнымі рэпрэсіямі супраць любой праявы іншадумства. Свае “чорныя спісы нелаяльных да ўлады” фармуюць самыя розныя структуры: КДБ, МУС, Следчы камітэт і нават Міністэрства інфармацыі. Агулам там ужо некалькі тысяч фізічных асобаў і зліквідаваных арганізацый.    

Як канстатаваў Анатоль Васільеў, сёлета пераважная большасць з зарэгістраваных 4300 “палітызаваных правапарушэнняў” звязана з постэлектаральным перыядам, але пераважная колькасць усё роўна рэха 2020-2021 гадоў. І ўдакладніў, дзе найбольшая канцэнтрацыя “ворагаў” рэжыму — за межамі краіны і ў інтэрнэце.

“Экстрэмісцкія тэлеграм-супольнасці — наогул рассаднік злачыннай дзейнасці. Аднак комплекс захадаў сведчыць, што мы купіруем сітуацыю. Цяпер узмоцненая адказнасць за стварэнне экстрэмісцкага фармавання, удзел у ім, фінансаванне. Усе датычныя абавязкова будуць выяўленыя: лічбавы след у інтэрнэце застаецца назаўжды. Таму тым, хто ўжо пераступіў закон і, напрыклад, пералічыў сродкі ў так званыя фонды дапамогі, рэкамендую з'явіцца ў праваахоўныя органы з пакаяннем, каб не пагаршаць становішча”, — папярэдзіў чыноўнік.

У якасці пацверджання “экстрэмісцкага задурманвання” ён прывёў прыклад перададзенай у суд крымінальнай справы ў дачыненні “рэйкавага тэрарыста” з Мінскага раёна. Маўляў, мужчына быў падпісаны на 45 “дэструктыўных” тэлеграм-каналаў, таму аб “цвярозасці” мыслення ў тым выпадку “гаварыць не даводзіцца”.

Функцыянер СК праанансаваў пачатак так званай “спецыяльнай вытворчасці” супраць кіраўнікоў “экстрэмісцкай арганізацыі "Вясна", якія, паводле яго слоў, “ажыццяўлялі фінансаванне пратэстнай дзейнасці ў Беларусі”. Нагадаем, што на пачатку кастрычніка старшыня праваабарончага цэнтра Алесь Бяляцкі быў абвешчаны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, аднак такое міжнароднае прызнанне сілавікоў не ўразіла.  

“Нягледзячы на ​​тое, што гэты псеўдаабарончы цэнтр і так з 2003 года забаронены Вярхоўным судом, іх дэструктыўная дзейнасць працягвалася. Але асноўны лейтматыў — не аказанне прававой дапамогі, а грашовая выгада. У матэрыялах справы зафіксаваныя сітуацыі, калі людзі прыходзілі з праблемамі, а ім адмаўлялі. Бо калі яны не так званыя палітвязні, не рэпрэсаваныя дзяржавай, то дапамогі не будзе”, — выказаў абазнанасць прадстаўнік Следчага камітэта, заявіўшы, што кіраўніцтва “Вясны” нібыта мае дачыненне да “кантрабанды” праз мяжу не менш як 290 тысяч долараў.

Такія дзеянні, сярод іншага, кваліфікаваныя следствам як “падрыхтоўка і фінансаванне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, у тым ліку аплаты штрафаў тых, хто ўчыняў правапарушэнні”. Крымінальная справа ўжо перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Гэтаксама ён расказаў, што “з дня на дзень” будзе распачатая спецыяльная вытворчасць у дачыненні да былога прэтэндэнта ў кандыдаты на вышэйшую пасаду падчас выбараў 2020 года Валерыя Цапкалы.

Акрамя гэтага, сумесна з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі расследуецца крымінальная справа ў дачыненні "пераходнага кабінета" пры Офісе дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай. Пазіцыя ў дачыненні да гэтых асоб “адназначная”, канстатаваў Анатоль Васільеў.

Чытаць яшчэ: 

У Беларусі перастаў адчыняцца сайт mogilev.media

28 лістапада Паўлу Шарамету споўніўся б 51 год

Інфармацыйную прадукцыю ўкраінскага блогера BalaganOff таксама прызналі “экстрэмісцкай”

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!