314

Сказалі «Уся інфармацыя на сайце» і кінулі слухаўку. Як чыноўнікі даюць журналістам інфармацыю пра COVID

14.04.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: COVID-19

Намесніца рэдактара незалежнага выдання “Брестская газета” Людміла Селех 13 красавіка патэлефанавала ў абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, каб атрымаць хоць нейкую афіцыйную інфармацыю пра колькасць тых, хто захварэў на COVID-19 ў Брэсце і вобласці.

Справа ў тым, што апошнія звесткі на гэты конт былі агучаны старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Анатолем Лісам яшчэ 9 красавіка. Як распавяла журналістка службе маніторынгу ГА “БАЖ”, у прыёмным пакоі ёй параілі звярнуцца да загадчыцы аддзела эпідэміялогіі цэнтра Марыны Шыловіч.

“Аднак, пачуўшы пытанне, яна адказала, што “ўся інфармацыя на сайце”. Я паспрабавала запярэчыць, што на сайце апошняе абнаўленне было амаль тыдзень таму, але яна ўжо паклала слухаўку”, — кажа Людміла Селех.

Журналістка патэлефанавала зноў у цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і папрасіла звязаць з галоўным урачом, на што пачула, што яе няма на месцы. “Калі я распавяла пра паводзіны Марыны Шыловіч, мне далі тэлефон яшчэ адной супрацоўніцы, але там слухаўку ніхто не браў. У прыёмным я прасіла перадаць галоўнаму ўрачу, што кіданне слухаўкі — недапушчальна. Хоць выдатна разумею, што гэта бессэнсоўна”, — дадала Людміла.

Паводле яе слоў, зараз нават дзяржаўныя СМІ Брэсцкага рэгіёна не маюць новай інфармацыі пра каранавірус. Больш за тое: з сайта абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя пасля абеду 13 красавіка знікла нават апошняя інфармацыя пра колькасць тых, хто захварэў (гэта былі звесткі ад 8 красавіка).

“Ад імя рэдакцыі мы рыхтуем запыты ў абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама, але не ўпэўненыя, што гэта дасць плён”, — кажа намесніца рэдактара “Брестской газеты” і ўзгадвае словы міністра аховы здароўя Беларусі Уладзіміра Караніка, які казаў, што звесткі па рэгіёнах даваць не будуць (ва ўсялякім выпадку пакуль).

Людміла Селех распавяла пра яшчэ адзін факт, які ілюструе “празрыстасць” працы мясцовых чыноўнікаў са службы аховы здароўя.

“У пятніцу, 10 красавіка, з рэдакцыі тэлефанавалі галоўнаму санітарнаму ўрачу Брэста і хацелі дамовіцца пра інтэрв'ю. Нас папрасілі скласці пытанні і адправіць, што мы і зрабілі. 13 красавіка прыйшоў адказ, з якога вынікае, што за інфармацыяй пра эпідэміялагічную сітуацыю па захворваннях на COVID-19 варта звяртацца выключна ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя”, — кажа Людміла Селех.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!