306

Скаргу кандыдаткі Ірыны Давідовіч на зняцце з эфіру яе тэлевыступу суд не задаволіў

14.11.2019 Крыніца: “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Гарадзенскі абласны суд 13 лістапада разглядзеў скаргу кандыдаткі ў дэпутаты па Іўеўскай выбарчай акрузе №54 ад АГП Ірыны Давідовіч.

Яшчэ  30 кастрычніка ў Іўі адбылося паседжанне акруговай выбарчай камісіі №54. На ім разглядалася пытанне пра размяшчэнне кандыдаткай ад партыі АГП Ірынай Давідовіч у сваіх акаўнтах сацыяльных сетак відэароліка з тэлевыступам для Гарадзенскай тэлевізіі. Напомнім, што гэты выступ заблакаваў і не пусціў у эфір кіраўнік тэлерадыёкампаніі "Гродна" Мікалай Мельячэнка.

У выніку, як паведамляе "Гарадзенская вясна",  акруговая камісія №54 (старшыня Анатоль Букліс, сакратар Святлана Мірончык) абвесціла Ірыне Давідовіч папярэджанне “у звязку з парушэннем правядзення перадвыбарчай агітацыі”.
Ірына Давідовіч не пагадзілася з такім папярэджаннем і абскардзіла гэтае рашэнне АВК у Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі. 5 лістапада Гарадзенская ТВК пад старшынствам Уладзіміра Хлябіча не задаволіла скаргу Давідовіч.

На разглядзе скаргі ў абласным судзе прысутнічалі гарадзенскія праваабаронцы, журналісты, а таксама доўгатэрміновы назіральнік АБСЕ.

Прадстаўнікі выбарчых камісій спрабавалі давесці, што Ірына Давідовіч нібыта сваім відэавыступам распальвала сацыяльную варожасць, аднак нічога ўцямнага на гэты конт не маглі сказаць.

Праваабаронцы перакананыя, што была дапушчана дыскрымінацыя кандыдата ў дэпутаты, а папярэджанне ад АВК мае палітычны, а не юрыдычны характар.

Пасля паўтарагадзіннага разгляду скаргі суддзя Сяргей Піпко абвесціў доўгі перапынак. Пасля яго было агучана рашэнне - скарга не задаволеная.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!