3716

Скандынаўскія журналісты збіраюць грошы рэпрэсаваным беларускім калегам

26.05.2016 Крыніца: Ларыса Шчыракова для www.baj.by Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

Падчас семінару журналістаў-фрылансераў з Нарвегіі, Даніі, Швецыі і Фінляндыі (Nordic Freelance Seminar), які адбыўся ў Ільсэтры ля Лілехамера (Нарвегія), быў абвешчаны краўдфандынг па зборы сродкаў беларускім фрылансерам, якія зазнаюць сістэматычны адміністрацыйны пераслед.

“Працоўныя ўмовы для журналістаў-фрылансераў у Беларусі надзвычай цяжкія, – гаворыцца ў звароце ініцыятараў краўдфандынгу да скандынаўскіх фрылансераў. – Улады рознымі спосабамі змушаюць замаўчаць незалежныя галасы. Адна з мераў, якую яны выкарыстоўваюць, – штрафы, каб прымусіць журналістаў не рабіць матэрыялаў. Штрафы бываюць у два разы большыя за сярэдні месяцовы заробак у Беларусі. Удзельнікі Семінару фрылансераў з Паўночных краінаў 2016 года жадаюць зменшыць цяжар для аштрафаваных журналістаў у Беларусі і выказаць салідарнасць з калегамі, якіх праследуюць”.

Прапанову ініцыятараў краўдфандынгу скандынаўскія калегі сустрэлі з энтузіязмам. Падчас семінару сабралі 240 еўра. Збор сродкаў працягнецца да 1 ліпеня. Інфармацыю пра збор сродкаў будуць публікаваць на сайце Нарвежскага саюза журналістаў, а грошы можна будзе перавесці на рахунак Фонду салідарнасці саюза журналістаў.

“Хочацца выказваць салідарнасць не толькі на словах, але і практычнымі крокамі, – кажа ініцыятар краўдфандынгу, сябра Нарвежскага саюза журналістаў Сігурд Орвік. – Асабіста я цягам сваёй доўгай журналісцкай кар'еры часта браў удзел у акцыях салідарнасці. Дапамагаў журналістам Чылі падчас рэжыму Піначэта, журналістам Палестыны і Сірыі”.

“Выдатна, што калегі пранікліся нашымі праблемамі. Крыху засмучае, праўда, што беларускія журналісты самі не даўмеліся абвесціць такі краўдфандынг і праявіць сваю салідарнасць”, – кажа сябра Рады ГА “БАЖ” Андрусь Клікуноў.

Падчас семінару запрошаныя журналісты з Беларусі, Емену і Палестыны мелі магчымасць распавесці пра сітуацыю з фрылансерамі і ў цэлым пра свабоду слова ў сваіх краінах. Прэзентацыі выклікалі гарачую дыскусію і цікаўнасць у скандынаўскіх калегаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!