НЕ - ВАЙНЕ!
369

СК: Сума стратаў па справе TUT.by складае больш за 3 мільёны рублёў

30.11.2022 Крыніца: Радыё Свабода

Сума стратаў па справе TUT.by складае больш за 3 мільёны рублёў, заявіў кіраўнік Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1».

«Па эканамічным блоку атрыманыя доказы злачынства — ухіленьня ад выплаты падаткаў на суму больш за 3 млн рублёў. Што характэрна, абвінавачанымі кампэнсаваны ўрон нанесены ў поўным аб’ёме», — заявіў старшыня Сьледчага камітэту, якога цытуе Reform.by.

Сьледзтва ў справе TUT.by цягнулася з траўня мінулага году. Цяпер пад вартай застаюцца галоўны рэдактар Марыя Золатава і генэральны дырэктар «Тут бай мэдыя» Людміла Чэкіна. Іх унесьлі ў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці». Журналістаў вінавацяць у нясплаце падаткаў і паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.

  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.

  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.

  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.

  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.

  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.

  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Чытайце яшчэ:

Гайд па беларускім відэакантэнце: ад навін пра вайну да ролікаў пра якасць сексу

«Я ў бронекамізэльцы і касцы, мясцовыя такога не маюць». Як беларускі журналіст працуе на вайне ва Ўкраіне

Праваабаронцу Насту Лойку трэці раз запар арыштавалі на 15 сутак

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!