773

СК па “справе Прэс-клуба” супрацоўнічае з праўладным саюзам журналістаў і “ўпаўнаважаным” Шпакоўскім

15.01.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Следчы камітэт Беларусі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні з Нацыянальным Камітэтам па абароне журналістаў Беларускага саюза журналістаў, а таксама з “Упаўнаважаным па абароне журналістаў” БСЖ Аляксандрам Шпакоўскім.

Пра гэта гаворыцца ў адказе Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі міжнароднай арганізацыі “Камітэт абароны журналістаў” (CPJ).

“Дадзенае ўзаемадзеянне ажыццяўляецца ў поўнай адпаведнасці з рэкамендацыямі Спецыяльнага прадстаўніка АБСЕ па свабодзе слова і абапіраецца на нацыянальныя традыцыі абароны правоў журналістаў”, — гаворыцца ў адказе за подпісам Следчага па асабліва важных справах Ільюшчэні.

Нагадаем, акрамя міжнародна прызнанай Беларускай асацыяцыі журналістаў у Беларусі ёсць і праўладны Беларускі саюз журналістаў, у склад праўлення якога нават уваходзіць міністр інфармацыі Ігар Луцкі.

Цягам апошніх месяцаў БСЖ не толькі не выступаў за спыненне масавых рэпрэсій супраць журналістаў і медыя, але і ўскладаў віну за “арганізацыю і правакаванне масавых беспарадкаў” у тым ліку на медыя.

“На жаль, значная віна за арганізацыю і правакаванне беспарадкаў ляжыць на медыя (унутраных і замежных), якія свядома ігнаруюць прынцыпы і стандарты прафесіі, прафесійную этыку і адказнасць за будучыню суверэннай Беларусі.

Выклікае глыбокае шкадаванне той факт, што шэраг т.зв. «Новых медыя» наўпрост рэжысіруе беспарадкі, выступае як мінімум іх завадатарам, а як максімум — іх замоўцам і выканаўцам”, — гаварылася ў заяве праўладнага саюза журналістаў.

Незразумела, чаму Следчы камітэт супрацоўнічае з БСЖ у справе арыштаваных 22 снежня мінулага года прадстаўнікоў “Прэс-клуба Беларусь”, калі аніводзін са змешчаных у СІЗА не з’яўляецца сябрам праўладнага саюза журналістаў. Разам з тым сярод арыштаваных ёсць сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, аднак следства не бачыць нагодаў супрацоўнічаць з ГА “БАЖ”.

Учора, 14 студзеня, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і іншыя праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з супольнай заявай аб прызнанні арыштаваных супрацоўнікаў “Прэс-клуба” палітычнымі вязнямі і з патрабаваннем іх неадкладнага вызвалення.

Праваабаронцы прызналі пяцёх затрыманых па “справе Прэс-клуба” палітвязнямі і патрабуюць іх вызвалення СУПОЛЬНАЯ ЗАЯВА

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!