540

СК накіраваў у Польшчу дакументацыю для экстрадыцыі Пуцілы і Пратасевіча

07.02.2021 Крыніца: NN.BY

Следчы камітэт накіраваў дакументы на экстрадыцыю Сцяпана Пуцілы і Рамана Пратасевіча праз генеральнага пракурора ў Польшчу.

«З гэтай краінай у нас заключаны міжнародны дагавор аб прававой дапамозе па крымінальных справах, які таксама рэгламентуе пытанне аб экстрадыцыі», — сказаў начальнік міжнародна-прававога аддзела Следчага камітэта Міхаіл Вавула.

«Я хацеў бы данесці наступную думку: прымаючы рашэнне збегчы, злачынец заўсёды лічыць, што такім чынам можна пазбегнуць пакарання. Аднак наша практыка паказвае, што пакарання пазбегнуць не атрымаецца, дзе б ні хаваліся і куды б ні беглі правапарушальнікі», — цытуе словы Вавулы тэлеграм-канал СК са спасылкай на sb.by.

Раней упраўленне СК па Мінску вынесла пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачаных Сцяпана Пуцілы і Рамана Пратасевіча, якія рабілі прызнаны экстрэмісцкім тэлеграм-канал па артыкулах КК: 293 (Арганізацыя масавых беспарадкаў) і 342 (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Таксама ў дачыненні да іх распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса ў сувязі са здзяйсненнем наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці.

Цяпер Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч знаходзяцца ў міждзяржаўным вышуку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!