907

СК адмовіўся вызваліць журналістку Дар’ю Чульцову пад паручальніцтва Андрэя Бастунца і Аксаны Колб

28.12.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Следчы камітэт адмовіў у задавальненні хадайніцтваў старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца і галоўнай рэдактаркі газеты “Новы Час” Аксаны Колб аб вызваленні журналісткі “Белсата” Дар’і Чульцовай пад асабістае паручальніцтва.

Следчы Кудзеля ў сваёй пастанове, якая была дасланая заяўнікам, называе хадайніцтвы Андрэя Бастунца і Аксаны Колб неабгрунтаванымі і нематываванымі.

Акрамя гэтага, следчы адзначае, што ў выпадку вызвалення, Чульцова можа схавацца ад следчых органаў і суда, а таксама перашкаджаць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы.

Пра рашэнне следчых наконт хадайніцтва аб вызваленні другой журналісткі — Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) — пакуль невядома, хаця яно было накірава ў СК некалькі тыдняў таму.

Журналісткі Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада, калі былі затрыманыя пасля прамой трансляцыі для “Белсата” з разгону сілавікамі акцыі ў Мінску. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!