221

Шуневіч пракаментаваў уцечку інфармацыі з міліцэйскіх зводак

12.03.2019 Крыніца: Nn.by

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч пракаментаваў факты ўцечкі інфармацыі з міліцэйскіх зводак у інтэрнэт. Па гэтым факце прызначаная службовая праверка, паведаміў міністр, адказваючы на ​​пытанне БелТА.

«Хаваць не буду. Была ўцечка некаторай інфармацыі з міліцэйскіх зводак. Гэтая інфармацыя не закрытая, не сакрэтная. Зводкі прадастаўляюцца ва ўсе дзяржорганы, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта. І з некаторых зводак была апублікаваная інфармацыя аб надзвычайных здарэннях з асабістым складам, якая (мы таксама не ўтойваем) у гэтых зводках фігуруе ў выглядзе спецматэрыялаў», — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, такіх было два ці тры выпадкі, адпаведная інфармацыя была размешчана на адным з інтэрнэт-рэсурсаў.

«Мною прызначаная службовая праверка па гэтым факце. У найбліжэйшы час мы выявім крыніцу ўцечкі інфармацыі. Думаю, што гэта будзе нехта з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У мяне ёсць такое падазрэнне. Бо ў большай ступені супрацоўнікі міліцыі датычныя да падрыхтоўкі зводак, іх распаўсюджвання дзяржорганам», — дадаў Ігар Шуневіч.

Відаць, маюцца на ўвазе матэрыялы, якія перыядычна выкладае ў сваім тэлеграм-канале блогер Nexta.