3206

Штрафы гродзенскім фрылансерам пакінулі ў сіле

22.09.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна, які аштрафаваў журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча за парушэнне арт. 22.9 ч.2 КаАП, засталося ў сіле.

22 верасня суддзя Гродзенскага абласнога суда Мікалай Рачынскі разглядаў касацыйную скаргу фрылансераў усяго некалькі хвілін.  

«Сістэма працуе, сістэма наладжана. У мяне нават ніякай надзеі не было на тое, што рашэнне суда першай інстанцыі адменяць», – пракаментаваў вынік слуханняў Алесь Дзянісаў.

Алесь Кіркевіч лічыць касацыю фармальнасцю як для міліцыі, так і для судоў: «Міліцыянты казалі нам пры складанні пратаколаў, што гэта ўсё спускае «старэйшы брат» з КДБ. А суды нічога не вырашаюць. І мы яшчэ раз у гэтым пераканаліся».

«Суддзя Мікалай Рачынскі папросту пацвердзіў рашэнне папярэдняй інстанцыі. Такім чынам, словы кіраўніка дзяржавы пра тое, што ён разбярэцца ў сітуацыі са штрафамі журналістам-фрылансерам, проста засталіся гучнымі словамі», – заўважае гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч.

Нагадаем: 19 жніўня суд Ленінскага раёна Гродна (суддзя Юрый Казакевіч) прызнаў журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП і аштрафаваў кожнага на 25 базавых велічыняў (па 4,5 млн рублёў). 

Нагодай для завядзення справы стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гродне, размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”.

Журналістаў абвінавацілі ў “незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”, а менавіта – падрыхтоўцы інфармацыйнага матэрыялу для замежнага СМІ без акрэдытацыі.

Судовы разгляд распачаўся яшчэ 23 ліпеня, але суддзя вырашыў накіраваць матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю. 14 жніўня працэс аднавіўся, хаця самі журналісты адсутнічалі. Суд заслухаў сведак – мастака Аляксандра Сільвановіча і яго жонку, дырэктарку выставачнай залы Ірыну Сільвановіч. Сведкі пацвердзілі, што яны давалі інтэрв’ю згаданым журналістам.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП