263

Штраф журналісту Генадзю Барбарычу пакінуты ў сіле

06.02.2019 Крыніца: Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя Сюжэт: 22.9 КаАП

Штраф карэспандэнту „Беларускага Радыё Рацыя” ў Менску Генадзю Барбарычу пакінуты ў сіле. Ягоную скаргу разгледзеў Менскі гарадскі суд. Наконадні журналіста завочна асудзіў суд Партызанскага раёну сталіцы „за працу без акрэдытацыі на замежнае СМІ”. Нагодай стаў матэрыял па так званай «справе Белта» – інтэрвъю з галоўнай рэдактаркай БелаПАН Ірынай Леўшынай. 

Адміністрацыйны пратакол утрымліваў грубую памылку і быў адпраўлены на дапрацоўку: сцвярджалася, што Барбарыч зняў відэасюжэт, хаця насамрэч толькі гукавы матэрыял з фотаздымкам, які быў размешчаны на сайце Рацыі.

– Такое адчуванне, што ў міліцыі гэты пратакол не дапрацавалі. Усё тое, што было ў першым пратаколе, і засталося. Пра гэта я сёння і сказаў у судзе. Сёддзя гэта з пастановы выкрэсліў. А тое, што матэрыял усё ж такі быў на “Радыё Рацыя” гэта пакінута ўсюды.

У сваёй скарзе Барбарыч спаслаўся на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая дазваляе грамадзяніну збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Аднак Менскі гарадскі суд прызнаў слушным накладзены на Генадзя Барбарыча штраф у 35 базавых велічыняў. Гэта 892 з паловай рублі.

Цяпер наш калега мае намер абскардзіць судовае рашэнне ў Вярхоўным судзе, а пасля звярнуцца ў Камітэт па правох чалавека ААН.

– Хацелася б яшчэ раз звярнуць увагу і еўрапейскіх, і польскіх палітыкаў, якія зараз шукаюць спробу дыялогу з рэжымам Лукашэнкаі, што крыху метады змяніліся, але сутнасць засталася тая ж самая. Моцны ціск на журналістаў і наогул на ўсю грамадзянскую супольнасць, каб захаваць у Беларусі статус-кво.

Цяперашні ціск на прэсу Генадзь Барбарыч звязвае з будучымі парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.