НЕ - ВАЙНЕ!
604

Штраф $4800 для Hrodna.life. Абласны суд пакінуў вырак раённага без зменаў

26.04.2021 Крыніца: Hrodna.life Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

26 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе прайшло пасяджэнне па абскарджванні рашэння суда Ленінскага раёна Гродна. Прысуд застаўся ў сіле — галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота мусіць заплаціць штраф 12 325 рублёў ($ 4798 па курсе Нацбанка на час публікацыі).

Галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык. Раней ён неаднаразова судзіў гродзенскіх палітычных і грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў. Падчас пасяджэння суддзя ўдакладніў, хто кантралюе размяшчэнне матэрыялаў на сайце і ці адкрытыя яны для агульнага доступу. Аляксей Шота адказаў, што размяшчэнне матэрыялаў кантралюе ён, і сайт адкрыты для ўсіх карыстальнікаў сеціва. Пасля перапынку суддзя агучыў прысуд: пакінуць рашэнне суда Ленінскага раёна без зменаў.

19 сакавіка суддзя Наталля Козел у судзе Ленінскага раёна пакарала Hrodna.life штрафам у 400 базавых велічынь (11 600 рублёў) і галоўнага рэдактара Аляксея Шоту як фізічную асобу — штрафам у 25 базавых велічынь (725 рублёў). Прысуд быў вынесены паводле арт. 17.11 КаАП (у рэдакцыі 2003 года) «за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі» на сайце: спасылкі і лагатыпа прызнанага восенню экстрэмісцкім Telegram-канала Сцяпана Пуцілы. Дадзены артыкул прадугледжвае штрафы да 500 і 50 базавых велічынь.

Таксама па рашэнні суда Ленінскага раёна ў Hrodna.life канфіскавалі ноўтбук, які забралі сілавікі ў час агляду ў рэдакцыі. Астатнюю канфіскаваную тэхніку (фотаапараты, флэшкі, тэлефон і інш.) адправілі на экспертызу. Па гэтым факце пачалі асобную праверку.

Аспрэчванне было прынцыповай пазіцыяй

Іншага выніку пасяджэння 26 красавіка Аляксей Шота не чакаў. Рашэнне аспрэчваць прысуд было прынцыповай пазіцыяй. Іначай бы выходзіла, нібыта рэдакцыя прызнае сваю віну і наўмысна размяшчала забароненыя спасылкі на сайце — але гэта было не так.

На думку Алексея Шоты і рэдакцыі Hrodna.life, рашэнне суда аб штрафе трэба было адмяніць у сувязі з аднабаковасцю, непаўнатой і неаб’ектыўным даследаваннем абставін. У судзе 19 сакавіка Аляксей Шота растлумачыў, што, па-першае, на момант размяшчэння матэрыялаў з Telegram-канал ён не быў прызнаны экстрэмісцкім, па-другое, пасля прызнання яго экстрэмісцкім на сайце выдалілі ўсе згадкі, якія змаглі знайсці. А значыць, свядомага, мэтанакіраванага і наўмыснага распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, што ставілася ў віну Аляксею, не было.

12 красавіка рэдактар Newgrodno.by Ігар Бублікаў (Рэмзік) атрымаў штраф у 25 базавых велічынь (725 рублёў) па тым жа артыкуле, што Hrodna.life. Праверку праводзяць і ў дачыненні да «Газеты Слонімскай». Абодва выпадкі таксама звязаны з публікацыямі, якія змяшчаюць матэрыялы Telegram-канала Сцяпана Путилы. 26 красавіка максімальна магчымым штрафам у 20 базавых велічынь (580 рублёў) пакаралі кіраўніка баранавіцкага выдання Intex-press Уладзіміра Янукевіча за «парушэнне заканадаўства аб СМІ». Падставай стала інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай, былой кандыдаткай у прэзідэнты на выбарах 9 жніўня 2020 года. Пачалі праверку і ў дачыненні да выдавецтва як юрыдычнай асобы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!