НЕ - ВАЙНЕ!
2838

Штотыднёвік “Новы час” пачаў выпускаць дадатак “Эканамічная Беларусь”

17.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Папяровы дадатак “Эканамічная Беларусь” будзе выходзіць раз на месяц.  

Як распавяла галоўны рэдактар штотыднёвіку “Новы час” Аксана Колб, эканамічны дадатак першыя месяцы будзе выходзіць на 4-х старонках. Але плануецца, што ўжо напрыканцы восені “Эканамічная Беларусь” істотна патаўсцее — да 12-ці старонак.

“Мы ўсіх запрашаем да супрацоўніцтва, у тым ліку і беларускі бізнэс.

Ідэя выпуску такога дадатку з’явілася яшчэ летась. Увесь гэты час мы шукалі бізнэсоўцаў,  якія б хацелі чытаць пра эканоміку па-беларуску, а таксама былі б гатовыя падтрымаць нашую ініцыятыву. І, як бачыце, знайшлі такіх. Увогуле, цяпер бізнэсу па-беларуску становіцца ўсё больш, павялічылася колькасць беларускамоўнай рэкламы. Таму з’яўленне нашага эканамічнага дадатку цалкам лагічнае”, — гаворыць Аксана Колб.

Цікава, што папяровы штомесячны дадатак з’явіўся ў часы, калі многія выданні наадварот скарачаюць  свае папяровыя версіі.

“Мы дасюль упэўненыя, што папяровыя выданні патрэбныя кріане. Далёка не ўсе людзі шырока карыстаюцца інтэрнэтам. А ёсць і месцы, дзе інтэрнэту наогул няма. Напрыклад, гэта месцы зняволення. І, да слова, у “Новага часу” нямала такіх падпісчыкаў”, — тлумачыць рэдактар.

Пакуль эканамічны дадатак будзе выходзіць на чатырох палосах, ён будзе тэматычны. Першы нумар, натуральна, быў прысвечаны актуальнай тэме дэнамінацыі. У другім нумары плануюцца матэрыялы пра беларускі турызм.

Дарэчы, гэта не адзіны дадатак у “Новым часе”. Ужо шмат гадоў штомесяц выходзіць “Літаратурная Беларусь”. Напрыканцы чэрвеня выйдзе ўжо 118 нумар.

Штотыднёвік "Новы час" з'яўляецца грамадска-палітычным выданнем. Выходзіць цалкам па-беларуску.

У 2009 годзе  газета «Новы Час» была ўзнагароджаная прэміяй нямецкага фонду «Цайт». У 2008 годзе шэф‑рэдактар газеты «Новы Час» Аляксей Кароль быў узнагароджаны прэміяй імя Найта за якасную журналістыку ў цяжкіх умовах.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!