145

Што рабіць, калі ад вас хаваюць патрэбную інфармацыю? Сустрэча з юрысткай

30.11.2019 Крыніца: Зоя Хруцкая для BAJ.BY

Сустрэча “Юрыдычныя аспекты доступу да інфармацыі, яе праверкі. Праца з крыніцамі” з юрысткай Аленай Лысаковай памочніцай адваката, эксперткай Фонда “Масавыя камунікацыі” — адбылася ў  Маладзечне.

Асноўныя законы, якія рэгулююць доступ да інфармацыі: Канстытуцыя, Закон аб інфармацыі, Закон аб СМІ і Закон аб зваротах грамадзян. Інфармацыя можа мець агульнадаступны характар, але можа мець і абмежаванні для распаўсюду. Гэта тычыцца інфармацыі пра прыватнае жыццё, службовую, банкаўскую, прафесійную таямніцы, матэрыялаў крымінальных і судовых спраў да канца іх вытворчасці.

У тым, што органы і арганізацыі не могуць адказаць на тыя ці іншыя запыты, часам ёсць віна саміх заяўнікаў. Напрыклад, пытанне могуць накіраваць у структуру, якая некампетэнтная ў тэме. Каб атрымаць адказ па сутнасці, трэба задаваць вельмі канкрэтныя пытанні і абгрунтоўваць запыт прававымі нормамі.

Калі іншы бок адмаўляе ў інфармацыі, ён мусіць патлумачыць прычыну. Некаторыя абмяжоўваюцца словам “немэтазгодна”, аднак яно ніяк не можа быць абгрунтаваннем.

Часам прадстаўнікі дзяржаўных устаноў адмаўляюць у інфармацыі, спасылаючыся на адсутнасць акрэдытацыі. Але такі падыход супярэчыць таму, для чаго акрэдытацыя ўвогуле існуе. Гэта не мусіць быць дадатковы спосаб абмежаваць доступ да інфармацыі. Бо, паводле сутнасці, гэта — пазітыўны інструмент, які дапамагае арганізатарам прадугледзець месцы на мерапрыемствы. Напрыклад, каб размясціць усіх журналістаў, фатографаў, расставіць камеры.

Некаторыя забароны не проста абмяжоўваюць, але і парушаюць закон. Забароны фатаграфаваць крамы, гандлёвыя цэнтры і іншыя грамадскія месцы парушаюць Канстытуцыю. Адміністрацыі крамаў спасылаюцца на ўнутраныя дакументы, нібы фота парушае камерцыйную таямніцу, але таямніцай можна назваць толькі тое, што схавана ад шараговага наведніка.

Арганізавала мерапрыемства Маладзечанская філія ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

Фота Віталя Назарэвіча