270

Што нясе СМІ і журналістам новы закон аб персанальных дадзеных

28.05.2019 Крыніца: Наталля Семяновіч для Baj.by

Падчас сустрэчы ў Гродне з журналістамі рэгіянальных медыя юрысты Алег Агееў і Алег Мацкевіч расказалі пра асаблівасці  законапраекта “Аб персанальных дадзеных”, які ўжо ўнесены для разгляду ў Палату прадстаўнікоў.

Сустрэча праходзіла у рамках курса ГА "БАЖ" “Менеджар інфармацыі” і тэматычнай кампаніі БАЖ “Правы журналістаў і права на прыватнасць”. 

Новы закон, як адзначыў Алег Мацкевіч, прызваны абараняць персанальныя дадзеныя кожнага чалавека. Аднак паколькі журналісты маюць адносіны да збору і распаўсюду інфармацыі, у тым ліку персанальных дадзеных, безумоўна, гэты закон закране працу рэдакцый.

Знаёмства з асноўнымі артыкуламі законапраекта “Аб персанальных дадзеных” выклікала актыўнае абмеркаванне. Напрыклад, ці патрэбна будзе атрымліваць пісьмовую згоду ў рэспандэнтаў на атрыманне і распаўсюд персанальных дадзеных пры правядзенні апытанак? Ці можна будзе браць і распаўсюджваць інфармацыю з сацсетак, дзе чалавек сам выкладае свае персанальныя дадзеныя?  Як давядзецца захоўваць персанальныя дадзеныя падпісчыкаў, каментатараў? Дзе праходзіць мяжа паміж грамадскім інтарэсам і чалавечай цікаўнасцю (празмернасцю інфармацыі, як гэта пазначана ў законапраекце).

А некаторыя тэрміны, наогул выклікаюць пытанне — асабліва што датычыцца спецыяльных персанальных дадзеных (дадзеных аб расавай ці нацыянальнай праналежнасці, палітычных поглядах, рэлігійных і іншых перакананняў і г. д.).

Пасля прыняцця закона “Аб персанальных дадзеных” могуць узнікнуць спрэчныя моманты з героямі публікацый, спатрэбяцца дадатковыя затраты і рэсурсы на захоўванне дадзеных, мяркуюць журналісты.

У той жа час, як адзначаюць юрысты, упершыню ў беларускім заканадаўстве ўводзіцца тэрмін “грамадскі інтарэс”, і менавіта для СМІ ў гэтым — плюс. У мэтах задавальнення грамадскага інтарэсу журналісты маюць права збіраць і распаўсюджваць персанальныя дадзеныя.

— Як грамадзянін Беларусі я падтрымліваю прыняццё гэтага закона, бо асабіста я буду больш абаронены ад дзяржаўных органаў, чым раней. Я разумею, што ён паўплывае на журналісцкую дзейнасць, аднак ёсць і добры, як на мой погляд, факт —  прапісаныя правілы гульні. Зараз кожная рэдакцыя вымушана самастойна вырашаць спрэчныя пытанні і не мае магчымасці спаслацца на закон і патлумачыць, чаму зроблена так. А з прыняццём закона “Аб персанальных дадзеных” будзе прасцей — “у грамадскіх інтарэсах”, — выказаў сваё меркаванне Алег Агееў. — Канешне, у дакуменце ёсць месцы, якія я не разумею, і таму з некаторай трывогай чакаю, як будзе дзейнічаць гэты закон. Бо разумею, што органы ці асобныя людзі будуць спрабаваць   злоўжываць гэтым: захочуць быццам абараніць свае правы, а на самой справе — закрыць рот СМІ.