2008

“Што дазволена Юпіцеру, не дазволена быку”

28.04.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Папярэджанні СМІ і журналістам

Вярхоўны суд падтрымаў пазіцыю Міністэрства інфармацыі ў справе вынясення папярэджанняў СМІ за скарачэнне “РБ”.

28 красавіка суддзя ВС Кацярына Караткевіч адхіліла зыск ТАА “Выдавецкі дом “Інтэкс-прэс” да дзяржаўнага органа і прызнала законным пісьмовае папярэджанне выданню.

У часе судовых слуханняў прадстаўнікі “Інтэкс-прэс” спрабавалі давесці суду, што скарачэнне “РБ” замест слоў “Рэспубліка Беларусь” шырока ўжываецца органамі дзяржаўнай улады і нават прысутнічае ў прэзідэнцкіх указах.

– Дадзенае скарачэнне ёсць ва ўсіх слоўніках скарачэнняў і абрэвіятур беларускай і нават рускай мовы і ўказвае менавіта на Рэспубліку Беларусь. Атрымліваецца, што дзяржаўныя органы маюць права і шырока прымяняюць дадзеную абрэвіятуру ў сваіх нарматыўна-прававых актах, а незалежны СМІ за гэта атрымлівае папярэджанне. Тут узгадваецца вядомае лацінскае выслоўе: “Што дазволена Юпіцеру, не дазволена быку”, – гаворыць прадстаўнік выдання ў працэсе, адвакат Сяргей Зікрацкі.

У сваю чаргу, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі настойвалі на законнасці вынесенага папярэджання і прасілі суд адхіліць зыск, што і зрабіў суд.

– Мы ведалі, што шанец на адмену дадзенага папярэджання ў беларускім судзе ў нас быў мінімальны, але не маглі не скарыстацца гэтай магчымасцю, бо наступнае папярэджанне па такой надуманай, на наш погляд прычыне, у нашай краіне можа пацягнуць закрыццё выдання, – кажа дырэктар ТАА “Выдавецкі дом “Інтэкс-прэс” Уладзімір Янукевіч.

Газета “Intex-press” з'яўляецца лідарам недзяржаўнага друку ў Баранавічах. Першы нумар выдання выйшаў 30 снежня 1994 года. Найбольшы наклад выданне мела ў 2010 годзе – больш за 20 тысяч асобнікаў. У 2006 годзе выданне выключылі з дзяржаўных сістэм распаўсюду, але яно захавала поспех у чытача.

Разам з “Intex-press” у лютым-сакавіку бягучага года папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі атрымаў яшчэ шэраг беларускіх выданняў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!