5483

Сайты nn.by і ej.by атрымалі папярэджанні ад Мінінфарма (+дакумент)

02.03.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

Як паведаміў сайт Мінінфармацыі, 2 сакавіка гэтае ведамства вынесла пісьмовыя папярэджанні ўладальнікам інфармацыйных рэсурсаў nn.by і ej.by. Інфармацыя размешчана пад назвай “Закон аб СМІ трэба выконваць”.

Ej.by папярэдзілі за “дыскрэдытацыю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь” – за спалучэнне тэксту «Беларускае войска комплексна правяраюць на боегатоўнасць» і ілюстрацыі з выявай нямецкай тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны.

NN.by вынеслі папярэджанне за публікацыю «У Беларусі – чырвоны ўзровень дэмаграфічнай небяспекі: штогод «вымірае» райцэнтр». “Дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, што пацвярджаецца статыстычнымі дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, размешчанымі на інфармацыйным рэсурсе http://belstat.gov.by/. Падобная недакладная інфармацыя ў артыкуле nn.by дыскрэдытуе выніковасць дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі”, – гаворыцца на сайце Мінінфарма.

Паводле рэсурсу, у перыяд з 1 студзеня 2015 года да 1 сакавіка 2016 года Мінінфармацыі выносіла рашэнні аб абмежаванні доступу да 46 сайтаў.

Міністэрства пералічвае на якіх падставах гэта рабілася: парушэнне прэзідэнцкага дэкрэта аб супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў; выкарыстанне табуяванай і вульгарнай лексікі; распаўсюд інфармацыі, накіраванай на прапаганду парнаграфіі; неналежная рэклама лекавых сродкаў; распаўсюд інфармацыі, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам; рэклама алкагольных напояў; распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

"Міністэрства інфармацыі звяртае ўвагу ўладальнікаў інфармацыйных рэсурсаў на недапушчальнасць распаўсюду інфармацыі, змест якой супярэчыць патрабаванням заканадаўства аб СМІ”, – нагадвае Мінінфарм.
  
“У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 49 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" ўладальніку інфармацыйнага рэсурса за ажыццяўленне дзеянняў, якiя супярэчаць патрабаванням названага Закона, выносіцца пісьмовае папярэджанне. Акрамя таго, згодна з пунктам 1 артыкула 511 Закона аб СМІ па рашэнні Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца абмежаванне доступу да прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, якая распаўсюджваецца з дапамогай інфармацыйнага рэсурса, у выпадку:
• вынясення ўладальніку інфармацыйнага рэсурса на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў;
• невыканання ўладальнікам інфармацыйнага рэсурса законнага патрабавання дзяржаўнага органа аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі;
• распаўсюду з дапамогай інфармацыйнага рэсурса інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў, забароненых або абмежаваных да распаўсюду ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама рашэннямі суда, што набылі сілу”, – піша mininform.gov.by.

Андрэй Бастунец: Папярэджанне – не прафілактычны захад, а санкцыя

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!