383

“Сайты могуць выкінуць са сферы СМІ” — у Гродне праходзіць рэгіянальная медыяканферэнцыя БАЖ

10.01.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

— З 1 снежня 2018 года ўступілі ў сілу сур’ёзныя змены ў Закон “Аб СМІ” і іншыя нарматыўна-прававыя акты. Уведзеная добраахвотная  рэгістрацыя сайтаў у якасці інтэрнэт-медыя. Новыя ўмовы працы медыя — заканадаўчыя і эканамічныя — абмяркоўваюць у Гродне падчас канферэнцыі "Свабода слова і асаблівасці медыяменеджмента ў Беларусі".

— На сеткавыя выданні распаўсюджваюцца тыя ж складаныя правілы рэгістрацыі, як і на традыцыйныя медыя. Гэта ў той час, калі ў дэмакратычных краінах наогул няма рэгістрацыі-дазволу друкаваных медыя.

У законе жорстка зафіксавана, што рэдакцыяй сеткавага выдання павінна быць юрыдычная асоба. Хоць мы ведаем, што ў большасці рэгіянальных выданняў заснавальнікамі ёсць альбо прыватныя асобы, альбо прыватныя прадпрымальнікі.

Нават у Расіі рэдакцыяй сеткавага медыя можа выступаць прыватная асоба альбо прыватны прадпрымальнік. Беларусь жа выкарыстоўвае самыя жорсткія патрабаванні да інтэрнэт-медыя ў рэгіёне, — кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Кіраўнік журналісцкай арганізацыі выказвае апасенні, што ў выніку зменаў заканадаўства многія сайты будуць выкінутыя дзяржавай са сферы СМІ, медыя не будуць лічыцца медыя, а журналісты журналістамі

У канферэнцыі, арганізаванай Беларускай асацыяцыі журналістаў, бяруць удзел дваццаць прадстаўнікоў гродзенскай медыясупольнасці, а таксама эксперты з Мінска — Андрэй Бастунец, Паўлюк Быкоўскі, Ягор Марціновіч, Андрэй Аляксандраў і Аляксей Казлюк.

Мерапрыемства ладзіць гродзенская ініцыятыва HrodnaMediaRoom, створаная сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў летась.

Сярод тэмы канферэнцыі — заканадаўчыя і эканамічныя аспекты развіцця беларускіх медыя, або як незалежным рэгіянальным інтэрнэт-пляцоўкам адаптавацца да заканадаўчых умоў і выстройваць эфектыўнае кіраванне рэдакцыяй.