436

Сайт «Нашай Нівы» з’явіўся ў пераліку «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

07.06.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Міністэрства інфармацыі чарговым разам дапоўніла спіс інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай «экстрэмісцкай». Сярод іншых аб’ёмны пералік, які пераваліў ужо за 600 старонак, папоўніла папулярнае беларускае інтэрнэт-выданне «Наша Ніва». 

Як адзначаецца на сайце Мінінфарма, у шэраг «забароненых да распаўсюду» трапіў нашаніўскі кантэнт на трох пляцоўках:

– Афіцыйны інтэрнэт-сайт: https://www.nashaniva.com,

– YouTube-акаўнт: https://www.youtube.com/@NashaNivaNews,  

– Старонка ў сацсетцы TikTok: https://tiktok.com/@nashanive.

Акрамя таго, гэта ж тычыцца лагатыпа (лічбавыя вадзяные знакі) – літара «n» у чырвоным коле і загалоўнай «Н» у цэнтры надпісу «Наша Нiва» на чорным фоне.

Удакладняеца, што адпаведнае рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска 5 чэрвеня. Як водзіцца, калектыў газеты пра такі крок дазнаўся на стадыі канстатацыі факту.

Нагадаем, 14 студзеня 2022 года рэдакцыя «Нашай Нівы» была прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем».

Штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая беларуская газета нацыяльна-адраджэнскага кірунку «Nasza niwa»/»Наша ніва» (друкавалася і лацінкай, і кірыліцай)  запачаткавала сваю гісторыю больш за стагоддзе таму — у канцы 1906 года.

Сярод заснавальнікаў былі знакавыя асобы свайго часу — браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Алаіза Пашкевіч ды іншыя. Выхад прыпыніла набліжэнне расійска-нямецкага фронту да Вільні.

З атрыманнем незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе легендарнае выданне аднавілася дзякуючы высілкам публіцыста Сяргея Дубаўца, які наступнае дзесяцігоддзе заставаўся галоўным рэдактарам. Таксама газетай кіравалі Андрэй Дынько, Андрэй Скурко, Ягор Марціновіч — два апошнія цяпер за кратамі паводле абвінавачанняў у прычыненні матэрыяльных стратаў дзяржаўным установам ад дзейнасці рэдакцыі.      

Гэтаксама ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма патрапілі і іншыя незалежныя рэсурсы, прадстаўленыя на старонцы суполкі «Бай Прасвет» у тэлеграм-канале з ідэнтыфікатарам https://t.me/by_prosvet з амаль 1200 падпісчыкаў. У анатацыі гаворыцца, што на пляцоўцы гуртуецца беларускі «самвыдат», які акумулюе самыя важныя аператыўныя навіны.

На падставе рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва ад 1 чэрвеня ў пералік занеслі сёлетнія выпускі 5-7 электроннай газеты «Беларускі час», а таксама нумары 3-6 электроннай газеты «Голос Беларуси».

У сярэдзіне траўня там жа аказаліся папярэднія віртуальныя наклады згаданых рэсурсаў, пра што паведамляла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Беларускі час», паводле заснавальнікаў праекта,  — гэта газета для беларусаў пра беларусаў. Адметна, што аналагічную назву мае друкаваны орган афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў, але насамрэч ніякай сувязі паміж імі няма — ні паводле зместу, ні паводле ідэалагічнага складніка.  

«Голос Беларуси», як удакладняюць яго ініцыятары, — штотыднёвы самвыдат з праўдзівымі навінамі.

Абедзьве інфармацыйныя пляцоўкі ўяўляюць сабой завярстаны газетны макет, кожную старонку можна асобна адкрыць і чытаць у прыкладзенай PDF-версіі.

Чытайце яшчэ:

У палітзьняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай памерла маці

Фактчэкінг у карыстальніцкім (і не толькі) кантэнце: прапануем інструкцыю, як раскрываць фэйкі

Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Вялікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!