436

Сайт і сацсеткі самага папулярнага баранавіцкага выдання «Інтэкс-прэс» прызналі экстрэмісцкімі

30.04.2023 Крыніца: Паводле "Нашай Нівы"

Размова ідзе пра вялікую недзяржаўную рэгіянальную рэдакцыю Intex-press.by, а таксама старонкі медыя ў інстаграме, твітары, вконтакте, аднакласніках, фэйсбуку, тыктоку, тэлеграме і ютубе. 

Гэта азначае фактычна забойства папулярнага выдання, бо з цяперашняга моманту любое стварэнне, распаўсюд і нават захоўванне матэрыялаў выдання ўлады будуць трактаваць як правапарушэнне альбо злачынства, што цягне за сабой штраф і арышт.

Пра тое, што 29 красавіка адбыўся суд, дзе прымалася адпаведнае рашэнне, паведаміў праўладны канкурэнт выданя Intex-press -- газета «Наш край».

У лютым сілавікі ўжо прыходзілі ў Intex-press і канфіскавалі тады ўсю тэхніку.

У Беларусі паслядоўна вынішчаецца рэгіянальная незалежная прэса. Раніцай 15 сакавіка ў Вілейцы ў доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча прайшоў ператрус, яго затрымалі. Манцэвіча абвінавачваюць у «распаўсюджванні заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады». 

На пачатку красавіка слуцкае выданне «Інфа-Кур'ер» абвясціла пра закрыццё пасля прызнання ўсіх тэкстаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Напярэдадні ў рэдакцыі газеты прайшоў ператрус. Галоўны рэдактар выдання Сяргей Станкевіч і яго намеснік Алег Рубчэня былі затрыманыя. Ім прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2023 годзе, спіс зняволеных

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!