НЕ - ВАЙНЕ!
320

«Рыхтуецца да суровага выніку». Ірына Леўшына знаёміцца з матэрыяламі справы

18.03.2022 Крыніца: Наша Ніва

У найбліжэйшыя дні крымінальную справу дырэктара БелаПАНа накіруюць у пракуратуру, а потым ужо ў суд.

Пра гэта «Народнай Волі» распавяла дачка журналісткі Ірыны Леўшынай Ганна.

— Глабальных навін ад мамы няма, — кажа Ганна. — Яна цяпер знаёміцца са справай, а пасля 21 сакавіка справа пойдзе ў суд, і колькі яшчэ чакаць суда — толкам не вядома. Мама ўзрадавалася, што хоць нешта ссунулася з мёртвай кропкі.

— Навіны да яе даходзяць?

— Ну так… спрабуе фільтраваць інфармацыю пра Украіну, якую атрымлівае з афіцыйных крыніц. Ну хоць неяк!

— Іншых крыніц інфармацыі ў яе няма? Газеты нейкія даходзяць?

— Мама выпісвала расійскае выданне, здаецца, «Незавісімую газету». Але не ведаю, ці атрымлівае яна яе. Таму пакуль толькі тэлевізар.

— Колькі чалавек у камеры, дзе яна сядзіць? Якія ўмовы?

— Не ведаю, яна не можа пра гэта напісаць у лістах.

— У вас перапіска ідзе без збояў?

— Мне яе лісты даходзяць, а некаторым, я гляджу, перасталі прыходзіць.

— Калі не сакрэт, пра што яна піша вам?

— Мама часцей за ўсё рэагуе на тое, што я ёй пішу, — у мяне ж падзей больш.

— Не гаворыць, каб вы з'язджалі з краіны?

— Не. Ну і куды я паеду? Я яе не кіну. Мама кажа, што рыхтуецца да суровага выніку справы. А як будзе — паглядзім…

— Спатканняў у вас за ўвесь гэты час не было?

— Не. Я пісала заяву следчаму, але ён лічыць, што гэта немэтазгодна.

— А са здароўем у мамы як?

— Адвакат кажа, што ўсё ў парадку.

***

Дырэктара БелаПАНа Ірыну Леўшыну затрымалі 18 жніўня 2021 года. Пазней Следчы камітэт заявіў, што яе абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры, а затым — у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. 12 лістапада БелаПАН быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Разам з Ірынай Леўшынай быў затрыманы экс-дырэктар БелаПАНа Дзмітрый Наважылаў, у студзені 2021 года затрымалі былога намесніка гендырэктара Андрэя Аляксандрава.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!