378

Рыбацкія “прылады” для журналістаў ад Алены Якжык

11.02.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На ток-пляцоўцы “Медыяпрастора” ў Гомелі журналісты, фрылансеры, блогеры і проста жадаючыя ўдасканальваць сябе ў працы для медыя спасцігалі адзін з самых пакутлівых момантаў у журналісцкай працы: напісанне загалоўкаў і лідаў для інфармацый, карэспандэнцый, рэпартажаў, артыкулаў. Дастаткова сказаць, што ў буйных рэдакцыях і агенцтвах існуюць асобныя рэдактары менавіта па загалоўках.

Падзяліцца досведам з гамельчукамі ў мінулыя выходныя прыехала з Мінска намесніца рэдактара інтэрнэт-газеты “Салідарнасць”, сябра ГА “БАЖ” Алена Якжык. Яна штодня рэдагуе дзясяткі матэрыялаў, ацэньваючы адпаведнасць загалоўкаў тэкстам па шматлікіх параметрах.

Як дасведчаны адмыслоўца, Алена распачала трэнінг з ілюстрацыі таго, як адбываецца праца над загалоўкам у рэжыме анлайн.

У “Салідарнасці” акурат з’явіўся артыкул, у якім два аўтары з розных бакоў аналізуюць сітуацыю ў айчыннай сістэме вышэйшай адукацыі: добра гэта ці кепска, што ў беларускіх ВНУ вучыцца ўсё больш замежных студэнтаў? Прычым статыстыка тут такая: амаль палова студэнтаў-замежнікаў — гэта грамадзяне Туркменістана, за імі ідуць кітайцы. Загаловак, прапанаваны аўтарам, ужо стаяў, але падаваўся рэдактарцы не вельмі заваблівым. Лічбы рэйтынгу гэта пацвярджалі. Недзе праз гадзіну Алена яго змяніла. Колькасць праглядаў пачала расці.

Яшчэ адзін матэрыял толькі рыхтаваўся да публікацыі ў панядзелак.  Прыдумаць загаловак да яго было прапанавана ўдзельнікам трэнінгу. Тры з дзясятка загалоўкаў атрымалі станоўчыя адзнакі ад Алены: “А што, гэта цікава… Над гэтым трэба падумаць… А вось гэты трэба крышку падрэдагаваць”. Ці скарысталася трэнер пачутымі ў Гомелі прапановамі, іх аўтары, напэўна, ужо пабачылі.

Галоўнае, на думку трэнера, зацікавіць, зачапіць чытача, каб ён, што называецца, “завіс”, занурыўся ў тэкст.

“Пішыце і думайце, — раіць Якжык, — ці зачэпіць вас асабіста ваш загаловак? Ці вы таксама толькі слізганеце па ім вачыма і пойдзеце нешта шукаць на іншы сайт?”  Пры гэтым, дадае Алена, “у загалоўку не павінна быць наўпроставага і празрыстага адказу. Мусіць быць інтрыга , словы-“кручкі”, якія чапляюць”.

Збоку выглядала, як у заўзятага рыбака — кручкі ўсемагчымых памераў і канфігурацый, блешні, мармышкі. Адсочваць удалыя загалоўкі дапамагае чыста журналісцкі “ўлоў”, які вымяраецца ў цікаўнасці наведнікаў — у “Салідарнасці” гэта ў сярэднім 50 тысяч наведвальнікаў у суткі.

Адначасна Алена Якжык перасцерагае ад такой заганнай з’явы ў сеціве як клікбэйты — загалоўкі-падманкі, якія выкарыстоўваюць дзеля атрыманння даходу ад анлайн-рэкламы на шкоду якасці і дакладнасці інфармацыі.

Разнастайнымі спосабамі пошуку загалоўкаў і напісання лідаў трэнер не абмежавалася. Вяла гаворку і пра сітуацыю, якая існуе ў масмедыя Беларусі, уцягваючы такім чынам прысутных у шматгадзінную працу.

Суботні трэнінг на пляцоўцы «Медыяпрасторы» стаў працягам адукацыйнага цыклу для журналістаў і пацвярджэннем дэвізу яе арганізатара, Ларысы Шчыраковай: «Вучыцца ніколі не позна!» Раней тэмамі семінараў і трэнінгаў былі напісанне інфармацыі, стварэнне фотарэпартажу і фотагісторыі, асновы аператарскага майстэрства.

Фота Аляксандра Друзіка.