129 0

РУУС: “У дзеяннях супрацоўнікаў БТ прыкмет складу злачынства не маецца"

13.09.2017 Крыніца: spring96.org

Павел Севярынец атрымаў з Першамайскага РУУС г. Мінска адказ на сваю заяву па факце незаконнага выкарыстання запісу яго тэлефоннай размовы са Змітром Дашкевічам у праграме Белтэлерадыёкампаніі “Званок сябру”.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/sieviaryniec-2013.jpg

Пра гэта палітык паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

У адказе за подпісам намесніка ўпраўлення А. Парашчука сцвярджаецца, што БТ і яе супрацоўнікі пры падрыхтоўцы і паказе ў эфіры перадачы, у якой быў выкарастаны запіс размовы з удзелам заяўніка, не ставілі перад сабой мэты наўмыснага скажэнне інфармацыі або парушэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Работнікі Белтэлерадыёкампаніі самастойна не прымалі мер да атрымання названай інфармацыі, а атрымалі яе ад ананімнай крыніцы, якая не паказала ніякіх сваіх асабістых дадзеных.

“Такім чынам, работнікі БТ не ажыцяўлялі самастойна доступ да інфармацыі абмежаванага доступу ў парушэнне Канстытуцыі і закона “Аб сродках масавай інфармацыі”. Улічваючы выкладзенае, лічым, што прыкмет складу злачынства, прадугледжанага арт. 203 Крымінальнага кодэкса, у дзеяннях супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія падрыхтавалі тэлевізійны фільм з выкарыстаннем запісу тэлефоннай размовы, не маецца”, - адзначаецца ў адказе.

Павел Севярынец абураецца гэтым і падкрэслівае:

“Фокус-покус, глядзіце: ваш тэлефон незаконна праслухалі, запіс ананімна перадалі на БТ і выкарысталі ў паклёпніцкім фільме, але ніякага парушэння закону няма! Сорамна за людзей у пагонах. Дарагія мае, дзе ж ваша юрыдычная адукацыя? Гэта ж не гульня ў напарсткі, а падсудная справа. Калі ж усё законна, давайце разам, усёй краінай паслухаем, пра што там Лукашэнка з Вакульчыкам праз тэлефон гавораць. Можа, якраз і ўстановім тады, хто такі "ананімны крыніца"?”

Павел Севярынец

Юрыст Праваабрончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, які дапамагаў рыхтаваць скаргу ў пракуратуру і райаддзел следчага камітэту, адзначае:

"Такая пазіцыя ўпраўлення ўнутраных спраў выклікае па меншай меры здзіўленне, таму што логіка міліцыі такая, калі гэта ўмяшанне ў таямніцу тэлефонных перамоваў здзейсніла не Белтэлерадыёкампанія, то значыць злачынства няма. Але гэта абсурд, таму што, калі толькі не дзяржаўны орган з захаваннем адпаведнай працэдуры здзейсніў праслухоўванне тэлефонных перамоў, то гэта ў любым выпадку ўмяшальніцтва ў таямніцу тэлефонных перамоў, што азначае - у дачыненні да дзвюх асоб здзейснена злачынства.

Калі невядома асоба, якая ўчыніла гэтае злачынства, то крымінальная справа ўсё роўна павінна быць распачатая і павінна расследавацца. І такім адказам-адпіскай міліцыя распісалася ў поўнай бездапаможнасці ў справе абароны правоў грамадзянаў".

Нагадаем, 12 сакавіка 2017 года ў тэлефільме "Званок сябру" былі распаўсюджаныя звесткі аб тэлефоннай размове Паўла Севярынца са Зміцерам Дашкевічам.Палітык палічыў, што дзеянні БТ з’яўляюцца незаконнымі і парушаюць не толькі арт. 37 і арт. 40 Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, але і арт. 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе адзначаецца права кожнага на абарону ад супрацьпраўнага ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё, у тым ліку ад умяшальніцтва ў таямніцу карэспандэнцыі, тэлефонных альбо іншых паведамленняў, на ягоную годнасць і гонар.

Ён накіраваў заявы ў пракуратуру і Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту г. Мінска, у якіх прасіў правесці праверку, устанавіць асобаў, па віне якіх парушана яго канстытуцыйнае права на таямніцу асабістага жыцця, і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці.

Каментары