859 0

Рэзалюцыя канферэнцыі — да ўладаў Беларусі, грамадзянскай супольнасці і міжнароднай журналісцкай сеткі

17.11.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Рэзалюцыя ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі” 16 лістапада 2017 года.

Рэзалюцыя канферэнцыі — да ўладаў Беларусі, грамадзянскай супольнасці і міжнароднай журналісцкай сеткі

Мы, удзельнікі міжнароднай канферэнцыі “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі” з Беларусі, Украіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Нарвегіі, Францыі, Швецыі, Эстоніі, а таксама прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі журналістаў і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў адзначаем наступнае:

Фрыланс-журналісты адчуваюць складанасці падчас ажыццяўлення сваёй прафесійнай дзейнасці ў некаторых краінах Еўропы. У Беларусі ціск на такіх журналістаў з'яўляецца беспрэцэдэнтным.

Міліцыя і суды насуперак Закона “Аб СМІ” распаўсюджваюць абавязак атрымання акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі на журналістаў-фрылансераў, якія не з'яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі замежных СМІ. А затым неабгрунтавана прыраўніваюць дзейнасць без акрэдытацыі да парушэння парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ (ч.2 арт. 22.9. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Аднак прадукцыю СМІ вырабляюць не журналісты, а рэдакцыі, і распаўсюджваюць яе не журналісты, а распаўсюднікі СМІ. Зыходзячы з прадстаўленых у Законе “Аб СМІ” дэфініцый, журналіст не з'яўляецца суб'ектам вырабу прадукцыі СМІ, а таксама яе распаўсюду. Адпаведна, яго нельга прыцягнуць да адказнасці за парушэнне парадку ажыццяўлення гэтай дзейнасці нават у тым выпадку, калі ён рыхтаваў матэрыял без акрэдытацыі.

З 2014 года ў дачыненні да журналістаў, матэрыялы якіх былі распаўсюджаныя ў замежных СМІ, і якія не з’яўляюцца супрацоўнікамі гэтых СМІ, прымяняюцца штрафы значных памераў, што часта перавышаюць памеры месячных спажывецкіх бюджэтаў на чалавека ў Беларусі.

У 2014 – 2016 гадах было зафіксавана не менш за 48 выпадкаў асуджэння да штрафаў на агульную суму каля 15 000 еўра. За 10 месяцаў 2017 года ўжо зафіксавана 50 пастановаў аб накладанні штрафаў на агульную суму каля 18 000 еўра. У сувязі з гэтым мы звяртаемся:

1. Да ўладаў Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем:

- Спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў за іх прафесійную дзейнасць.

- Замацаваць у нацыянальным заканадаўстве статус журналістаў-фрылансераў для забеспячэння іх правоў і законных інтарэсаў, а таксама адмяніць забарону ў Законе "Аб СМІ" на ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці без акрэдытацыі для  журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

- Прымяняць на практыцы нормы міжнароднага права, якія рэгулююць права на свабоднае выказванне свайго меркавання, а таксама на свабодны распаўсюд інфармацыі.

2. Да грамадзянскай супольнасці Беларусі і журналістаў усіх краін з заклікам:

- Праяўляць салідарнасць з журналістамі, якіх пераследуюць у Беларусі за іх прафесійную дзейнасць

3. Да Міжнароднай федэрацыі журналістаў і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў з прапановай:

- Працягваць адвакатаванне ў абарону журналістаў-фрылансераў і праграмы па бяспецы іх дзейнасці.

- Садзейнічаць узмацненню партнёрства паміж нацыянальнымі журналісцкімі арганізацыямі.

 

16 лістапада 2017 года, г. Мінск

Канферэнцыя БАЖ — МФЖ “Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі” ФОТАРЭПАРТАЖ

Каментары