НЕ - ВАЙНЕ!
2548

Рэтраспектыва беларускага кінадакументаліста Віктара Аслюка ў Музеі гісторыі беларускага кіно

09.11.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

З 15 лістапада па 1 снежня Музей гісторыі беларускага кіно сумесна з праектам прамоўцыі беларускай дакументалістыкі BelarusDocs ладзяць першую ў Беларусі рэтраспектыву выбітнага беларускага кінадакументаліста Віктара Аслюка.

За 6 дзён і 12 сеансаў будуць паказаны 18 фільмаў, знятых за перыяд ад 1994 да 2014 гг.

Віктар Аслюк — рэжысёр і сцэнарыст, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускай акадэміі мастацтваў (майстэрня Віктара Дашука). З 1995 году працуе на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". З 2003 г. — сябра Еўрапейскай кінаакадэміі. Рэжысёр больш чым 40 дакументальных фільмаў. Удзельнік шматлікіх міжнародных кінафестываляў, на якіх атрымаў каля 60 узнагарод. Лаўрэат найбольш значных фестываляў дакументальнага і кароткаметражнага кіно ў свеце - “Cinema du Reel” (Францыя), “DOKLeipzig” (Германія), Tampere International Short Film Festival (Фінляндыя), “Послание к человеку” (Расія), Prix Europa (Германія). У 2003 фільм Віктара Аслюка “Мы жывем на краі” быў намінаваны на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі ў намінацыі “лепшы кароткаметражны фільм”.

Праграма паказаў

15 лістапада (аўторак) а 15-00 і 18-30
Слёзы блуднага сына (1994)
Андрэевы камні (1999)
Рускі (2014)

17 лістапада (чацвер) а 15-00 і 18-30
Мы жывем на краі (2002)
Кола (2004)
Шахта (2003)

22 лістапада (аўторак) а 15-00 і 18-30
Чорнае і белае (2000)
Султан з Адрынак (2004)
Марыя (2006)
Вальс (2008)

24 лістапада (чацвер) а 15-00 і 18-30
Андрэй (2010)
Рабінзоны Манцінсаары (2009)

29 лістапада (аўторак) а 15-00 і 18-30
Асколкі (2011)
Алмаз (2013)
Цяпло (2012)

1 снежня (чацвер) а 15-00 і 18-30
Шчаслівыя людзі (2014)
Драўляны народ (2011)
Зямля (2011)

Фільмы будуць дэманстравацца ў Музеі гісторыі беларускага кіно (Мінск, Свярдлова,4)

Кошт квітка — 2 рублі

15 лістапада (аўторак) а 15-00 і 18-30

СЛЁЗЫ БЛУДНАГА СЫНА. “Беларусьфільм” — Студыя “Спадар Д”, 1994, 37 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк (дыпломная праца).

Роздум над лёсам беларусаў. Што было ў беларускай гісторыі? Што зрабіла беларуса такім, які ён ёсць? Гістарычнага беларуса ўвасабляе Віктар Шалкевіч.

Прыз журы, Прыз Асацыяцыі кінематаграфістаў Румыніі (Film festival “Alternative”, Turgu-Muresz, Romania, 1996)
Лепшы студэнцкі фільм (Панарама новага беларускага кіно, Мінск,1995)
Прыз часопіса “Сучаснасць” на міжнародным фестывалі “Маладосць”, Кіеў, 1995

АНДРЭЕВЫ КАМНІ. “Беларусьфільм”, 1999, 27 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Малады і прыгожы акцёр Андрэй Арыніч працаваў клоўнам у бальніцы для безнадзейна хворых дзяцей. Аднойчы ён трапіў у аварыю, цудам выжыў. У жыцці Андрэя памянялася ўсё. Цяпер ён ведае і можа тое, чаго раней не ведаў і не мог.

Лепшы дакументальны фільм (Нацыянальны кінафестываль беларускіх фільмаў, Брэст, 2001)
Прэмія прафсаюзаў Беларусі (2001)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: Карлавы Вары (Чэхія), Пусан (Паўднёвая Карэя), Манрэаль (Канада), Пры Еўропы (Германія), Кракаў (Польшча), “Расія” (Екацерынбург, Расія), “Пасланне да чалавека” (Санкт-Пецярбург, Расія) і інш.

РУСКІ. “Беларусьфільм”, 2014, 20 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк, аператары Юрый Дакучаеў, Анатоль Казазаеў, мастак Павел Шаппо. У ролях: Міхаіл Барсковіч, Аляксандр Ждановіч. Паводле аднайменнага апавядання Максіма Гарэцкага.

На лініі фронту Першай Сусветнай вайны выпадкова сустракаюцца два жаўнеры з варожых войскаў – Рускі і Аўстрыец. Але яны разумеюць мову адзін аднога: Рускі аказваецца беларусам, а Аўстрыец – украінцам. Потым гучыць стрэл.

Спецыяльнае ўшанаванне журы (IFF “Black and white”, Porto, Portugal, 2015)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: Драма (Грэцыя), Mediawave ( Венгрыя) і інш.

17 лістапада (чацвер) а 15-00 і 18-30

МЫ ЖЫВЕМ НА КРАІ. “Беларусьфільм”, 2002, 22 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Нёман падмывае бераг, на якім стаіць вёска, і хаты падаюць у ваду. Каровы не слухаюцца гаспадароў. Маленькі беларускі апакаліпсіс.

Намінацыя на лепшы кароткаметражны фільм (European Film Academy, 2003)
Лепшы кароткаметражны дакументальны фільм (IFF “Message to man”, St.-Petersburg, Russia)
Prix Europa Special за лепшы тэлевізійны фільм (Prix Europa, Berlin, 2002)
Лепшы дакументальны фільм (7th IFF of Doc. films, Tehran, Iran, 2002)
Лепшы кароткаметражны фільм (XIV IFF Alpe Adrea, Trieste, Italy)
Гран-пры Manoel de Oliveira за лепшы дакументальны фільм (IFF Vila do Conde, Portugal, 2003)
Прыз UIP Vila do Conde за лепшы еўрапейскі фільм (Vila do Conde, Portugal, 2003)
Гран-пры за лепшы фільм (IFF Doc and Short films, Drama, Greece, 2003)
Прыз за лепшы фільм (IFF Piarnu, Estonia, 2003)
Прыз “Залаты медаль Белграда” за лепшы замежны фільм (Belgrade festival of Doc. and Short films, Belgrade, Serbia, 2003)
Прыз горада Neubrandenburg (IFF Dokumentart, Neubrandenburg, Germany, 2003)
Прыз YU FIPRESCI (Belgrade festival of Doc. and Short films, Belgrade, Serbia, 2003)
Намінацыя на Нацыянальную прэмію “Лавровая ветвь”(Moscow, Russia)
Дыплом журы (13th Open film festival of Documentary Cinema, Ekaterinburg, Russia)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: Сinema du Reel (Францыя), Карлавы Вары (Чэхія),Эдынбург (Велікабрытанія), Гент (Бельгія), Мальме (Швецыя), Упсала (Швецыя), Кракаў (Польшча), Ісмаля (Егіпет), Mediawave (Дьёр, Венгрыя), Браўншвейг (Германія) і інш.

КОЛА. Беларусьфільм, 2004, 27 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк.

У вёсцы ёсць адна аўталаўка, адзін калодзеж і адно малое дзіця. Усё існаванне вызначае вечная сялянская праца. Часу няма, час як быццё.

Лепшы кароткаметражны фільм (IFF Cinema du Reel, Paris, France)
Дыплом журы (IFF of Doc. and Animation films, Leipzig, Germany)
Спецыяльнае згадванне экумінічнага журы (IFF of Doc. and Animation films, Leipzig, Germany)
Гран-пры за лепшы фільм, Прыз Саюза грэчаскіх кінакрытыкаў (IFF Doc. and Short films, Drama, Greece, 2004)
Лепшы дакументальны фільм (IFF “Black and white”, Porto, Portugal)
Лепшы кароткаментажны фільм (14th Open film festival of Documentary Cinema, Ekaterinburg, Russia)
Першы прыз ( IFF Maremetraggio, Trieste, Italy,2004)
Лепшая рэжысура (IFF “Golden Knight”, Moscow, Russia)
Спецыяльны прыз журы (IFF Huesco, Spain)
Дыплом Merit (IFF of Short films, Tampare, Finland)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: INPUT, Міжнародная Тэлевізійная канферэнцыя (Барселона, Іспанія), Таронта IFF (Канада), Кракаў (Польшча), Пусан (Паўднёвая Карэя), Корк (Ірландыя), Эдынбург (Велікабрытанія), Віла да Кондэ (Партугалія), Трыест (Італія), Марэметражыя (Трыест, Італія), Астра (Румынія), Гамбург (Германія) і інш.

ШАХТА. Беларусьфільм, 2003, 20 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк.

Фільм пра салігорскіх шахцёраў. Цесная, цёмная прастора. Моцныя вусатыя мужчыны. Чароўныя і страшныя падземныя нетры, якія вядуць, ці то ў рай, ці то ў пекла.

Удзел у міжнародных кінафестывалях DokLeipzig (Германія) і інш.

22 лістапада (аўторак) а 15-00 і 18-30

ЧОРНАЕ І БЕЛАЕ. Беларусьфільм, 2000, 16 хв.
Аўтар сцэнарыя Вольга Дашук, рэжысёр Віктар Аслюк

Вясковая хата з яблыневым садам – ветэрынарная бальніца, дзе працуе доктар Пётр Арэхаў і куды яму прыводзяць ці прыносяць пацыентаў. Пытанне там адно: жыць ці не жыць. Адказ розны.

Лепшы дакументальны фільм (IFF “Black and white”, Porto, Portugal,2006)
Прыз за арыгінальныя дасягненні ў дакументальнае кіно (27th IFF of TV films, Plovdiv, Bulgaria)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: “Пасланне да чалавека” (Санкт-Пецярбург, Расія), “Расія” (Екацерынбург, Расія), Пры Еўропы (Берлін, Германія), Кракаў (Польшча) і інш.

СУЛТАН З АДРЫНАК. Расія, 2004, 27 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Шмат газет напісалі пра васьмідзесяцігадовага дзеда з сяла Адрынкі, які мае адначасова тры жонкі. Рэжысёр едзе паглядзець на ўкраінскага султана.

Прыз “Silver centaur” за лепшую аператарскую работу (IFF “Message to man”, St.-Petersburg, Russia, 2004)
Прыз “Silver Knight” (IFF “Golden Knight”, Chelyabinsk, Russia, 2004)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: Пры Еўропы (Берлін, Германія), Белград (Сербія), Кракаў (Польшча) і інш.

МАРЫЯ. Беларусьфільм, 2006, 19 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Беларуская сялянка Марыя Жарко ў 1974 годзе стала пераможцай усесаюзнага конкурса “А ну-ка, девушки!” Тады яе абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Марыю запрашалі на тэлебачанне, пра яе знялі дакументальны фільм. Тысячы хлопцаў з усяго Савецкага Саюза пісалі маладой, цікавай трактарыстцы і прапаноўвалі замуж. Перспектывы ў Марыі былі незвычайныя. Але яна вельмі любіла сваю вёску і не захацела адтуль з’язджаць. Яна і зараз там жыве. Гэта фільм пра жаночую восень.

Прыз за лепшы кароткаметражны фільм (III Кіеўскі МКФ «Кантакт» (Украіна, 2007)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: Ратэрдам (Галандыя), DokLeipzig (Германія), HotDocs (Таронта, Канада), Кракаў (Польшча), “Расія” (Екацерынбург, Расія), Драма (Грэцыя) і інш.

ВАЛЬС. Беларусьфільм, 2008, 20 хв
Аўтар сцэнарыя Вольга Дашук, рэжысёр Віктар Аслюк

Стары сельскі доктар Пётр Квяцінскі ў любое надвор’е едзіць да сваіх пацыентаў на веласіпедзе. І пераходзіць ад адной жыццёвай драмы да другой.

Прыз за лепшы фільм (“Sol zemli’, Saratov, Russia, 2008)
Спецыяльны прыз журы (IFF ‘Cinema Verite’, Tehran, Iran,2008)
Прыз журы фестываля “За рэжысуру” і Дыплом (IV Magnificat, Беларусь, 2008)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: Драма (Грэцыя), Іглава (Чэхія) і інш.

24 лістапада (чацвер) а 15-00 і 18-30

АНДРЭЙ. «Беларусьфільм», 2010, 26 хв.
Аўтар сцэнарыя Уладзімір Заічанка, рэжысёр Віктар Аслюк

Майстэрня мастака Андрэя Бялова размяшчаецца ў падвале высокага дома ў цэнтры Мінска. Але, здаецца, і сам мастак, і ягоныя карціны насамрэч знаходзяцца дзесьці ў іншай рэальнасці.

«Серебряный Витязь» і Дыплом (XX Міжнародны кінафорум “Золотой Витязь”, Курск, Расія, 2011)
Спецыяльнае ўшанаванне журы (Asolo ARTfilmfestival, Italy, 2011)

РАБІНЗОНЫ МАНЦІНСААРЫ. Германія – Фінляндыя – Польшча, 2009, 52 хв.
Ідэя – Вольга Нікалайчык
Аўтары сцэнарыя Вольга Дашук, Віктар Аслюк, рэжысёр Віктар Аслюк

Востраў Манцінсаары ляжыць на Ладажскім возеры, вялікім, як мора. Калісьці тут жыло многа народу. Цяпер засталося толькі двое старых жыхароў – беларус і фін. Аднак яны не кантактуюць паміж сабой, бо не любяць адзін аднаго. Беларус – егер, а фін – браканьер. Але нешта іх звязвае.

Prix International de la SCAM (IFF Cinema du Reel, Paris, France, 2009)
Спецыяльная падзяка журы (Prix Europa, Berlin, Germany, 2009)
Спецыяльнае згадванне журы (Int. Insular FF Groix, France, 2009)
Прыз журы (Festival international du cinéma des peuples «Anûû-rû âboro», New Caledonia, South Pacific / France, 2009)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: Ратэрдам (Галандыя), HotDocs (Канада), Ванкувер (Канада), БАФІЦЫ (Буэнас-Айрэс, Аргентына), Сант’яга дэ Чылі (Чылі), Сінема Верытэ (Тэгеран, Іран), Трыест (Італія) АРТДОКФЕСТ (Расія) і інш.

29 лістапада (аўторак) а 15-00 і 18-30
АСКОЛКІ. Беларусь, 2011 - 30 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Пасля развалу СССР у невялікую беларускую вёску ў бацькоўскія хаты вярнуліся некалькі яшчэ не старых адзінокіх мужчын. Яны не ўспамінаюць мінулае, не думаюць пра будучае, а жывуць адным днём. Ад адзіноты ратуюцца гарэлкай і размовамі. Яны – асколкі таго жыцця, якое мінула і якое ім ужо не вярнуць і не склеіць.

Удзел у міжнародных кінафестывалях: DOKLEIPZIG (Германія), 2011, АРТДОКФЕСТ (Расія) 2011 і інш.

АЛМАЗ. Беларусь — Польша, 2013, 30 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Стары Аляксей Клюня — адзіны жыхар вострава пасярод возера Ладага. Аляксей часта размаўляе сам з сабой. Ці са сваім адзіным сябрам — канём Алмазам, з якім яны разам ужо шмат гадоў. Аляксей хоча, каб, калі ён памрэ, ягоную труну на могілкі вёз Алмаз.

Гран-пры Залаты замак (17 IFF OFF CINEMA, Poland, 2013)
Лепшы дакументальны фільм (MEDIAWAVE On-line IFF, Hungary, 2014)
Асноўная ўзнагарода (12 International Festival Zeichen der Nacht (Signes de Nuit) in Berlin, 2014)
Узнагарода Студэнцкага саюза Greifswald (IFF DOKUMENTART, Neubrandenburg,Germany, 2014)
Лепшы міжнародны кароткаметражны дакументальны фільм (MiradasDoc, Spain, 2014)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: Стамбул (Турцыя), Бішкек (Кіргізія), Сінема Верытэ (Іран, Тэгеран), Уэска (Іспанія) і інш.

ЦЯПЛО «Беларускі відэацэнтр», 2012, 21 хв.
Аўтары сцэнарыя Віктар Аслюк, Юрый Ігруша, рэжысёр Віктар Аслюк

Гэта трохі дзіўнае месца, дзе зімой, сярод снежных сумётаў і застылых ледзяных вадаспадаў, вельмі цёпла. Мужчыны і жанчыны напаўапраўнутыя і ўспацелыя. Іх рухі ля станкоў дасканалыя, зграбныя і рытмічныя, як у танцы. Гул машын нагадвае музыку. Паміж людзьмі і тэхнікай такая гармонія, што яны здаюцца часткамі цэлага, як бы працягам адно аднаго. Зладжанае дзеянне перапыняецца толькі на імгненне. Хтосьці задумваецца, выцірае пот з ілба ці прысаджваецца, каб перавесці дух. На гэтай фабрыцы ў пасёлку Смілавічы пад Мінскам робяць валёнкі, якія потым прадаюцца па ўсім свеце.

Лепшы дакументальны фільм (IFF “Black and white”, Porto, Portugal 2013)
Best Short Doc (Faito doc Festival, Italy, 2013)
Лепшы кароткаметражны фільм (24th Open film festival of Documentary Cinema, Ekaterinburg, Russia 2013)
Прыз за рэжысуру (Нацыянальны кінафестываль беларускіх фільмаў, Брэст, Беларусь, 2012)
Прыз за лепшую выяву (CRONOGRAF IFF Moldova 2013)
Удзел у міжнародных фестывалях: Фаіта (Італія), “Пасланне да чалавека” (Санкт-Пецярбург) і інш.

1 снежня (чацвер) а 15-00 і 18-30
ШЧАСЛІВЫЯ ЛЮДЗІ. Беларусь, 2014, 30 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

25 год назад Юра і Тамара Байковы прадалі сваю кватэру ў цэнтры Пецярбурга і пераехалі ў беларускі лес. Яны пабудавалі сабе часовую хатку-шалаш, у якой жывуць дасюль. У іх вялікі агарод, і круглы год яны працуюць ад ранку да станку. Ад паляны Юры і Тамары да бліжэйшай вёскі 15 кіламетраў лесам. У іх няма вадаправода (яны п’юць ваду з рэчкі), электрычнасці, сувязі і іншых атрыбутаў сучаснага жыцця. Але затое ў іх ёсць неверагодная колькасць свойскіх жывёлаў, і жывуць яны як у Ноевым каўчэзе, у бяспецы ад цывілізацыі.

Удзел у міжнародных кінафестывалях: Cinema du Reel (Парыж, Францыя) і інш.

ДРАЎЛЯНЫ НАРОД. «Беларусьфільм», 2011, 27 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Стары Мікалай Тарасюк — адзіны жыхар вёскі ў Белавежскай Пушчы. Калісьці ў гэтым месцы віравала жыццё, але тады сяляне выехалі ў горад ці памерлі. Мікалая прыгнятае не толькі адзінота. Яму невыносна цяжка прыняць суцэльную страту былога ладу. І таму ён уваскрасіў сваіх зніклых і памерлых суседзяў. Ён выразаў з дрэва сотні драўляных фігурак, які прадстаўляюць усе магчымыя віды сялянскай працы і ўсе этапы чалавечага жыцця. Ягоныя персанажы працуюць, кахаюць, жэняцца, нараджаюць, здраджваюць, разводзяцца, п’юць і паміраюць. Драўлянае грамадства нават мае атамную бомбу, якая пагражае мініяцюрнаму чалавецтву. Вось так Мікалай і жыве – працуе ў полі, як стагоддзямі рабілі ягоныя продкі, і размаўляе са сваімі маленькімі людзьмі.

Галоўная узнагарода (Ateliers d’Art de France International Film Festival on Crafts, Montpellier, France 2014)
Прыз за лепшы кароткаметражны фільм (23th Open film festival of Documentary Cinema, Ekaterinburg, Russia 2012)
Гран-пры (IFF ‘Magnificat’, Belarus,2012)
Лепшы фільм у катэгорыі “Архітэктура і ландшафт” (Asolo ARTfilmfestival, Italy, 2012)
Прыз глядацкіх сімпатый у катэгорыі “Кароткаметражны дакументальны фільм” (Filmfest Eberswalde, Germany, 2013)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: Cinema du Reel (Парыж, Францыя), HotDocs (Таронта, Канада) і інш.

ЗЯМЛЯ. Беларусь, 2011, 30 хв.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Віктар Аслюк

Ёсць месцы на зямлі, дзе Другая Сусветная вайна яшчэ не скончылася. На месцы былых палёў бітвы, якія зараз параслі лесам, ляжаць непахаванымі тысячы савецкіх салдат. Штогод сюды прыязджаюць валанцёры, каб адшукаць чалавечыя парэшткі і годна пахаваць іх. Яны выкопваюць косткі, каб пахаваць іх зноў – абсурдны цыкл. Сярод гразі і вады, зямля адкрывае мінулае, і забітыя салдаты паўстаюць у хранікальных вобразах, як духі гэтага леса. Гэта фільм-элегія, які яшчэ раз нагадвае пра крохкасць чалавечага існавання.

Prix International de la SCAM (Cinema du Reel, Paris, France, 2012)
Узнагарода студэнцкага журы (Doc en Courts, Lyon, France, 2012)
Удзел у міжнародных кінафестывалях: DokLeipzig (Германія), DocLisboa (Партугалія), “TrueFalse” (ЗША), Іглава (Чэхія), АРТДОКФЕСТ (Расія) ,Ісмаля (Егіпет), Mediawave (Венгрыя) і інш.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!