651

Рэтракалендары ад журналістаў Hrodna.life

09.01.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Календары на 2019 год з рэтраздымкамі Гродна ХХ стагоддзя выпусціла рэдакцыя гродзенскага рэгіянальнага сайта Hrodna.life.

“Каляндар ад Hrodna.life стаў ужо традыцыяй, — распавядае адна з яго стваральніц, журналістка і сябра ГА “БАЖ” Ірына Новік.  — Пры іх макетаванні мы выкарыстоўваем здымкі, якія рабіліся напрацягу года. У мінулым годзе адным з самых адметных нашых праектаў стала праца са сталымі гродзенцамі. Наш журналіст Руслан Кулевіч збіраў іх ўспаміны пра жыццё ў Гродне ў 30-40-я гады ХХ стагоддзя. Таму сёлета настольны каляндар ілюстраваны фотаздымкамі з асабістага архіву нашых героеў.

Сябра ГА "БАЖ" выдае кнігу пра Гродна 1930-х гадоў

Для насценнага календара мы ўзялі гістарычныя фота, зробленыя ў 70-я гады ХХ стагоддзя фотажурналісткай Наталляй Дораш. На адной з выставаў Наталлі Дораш мы заўважылі фотачку са свіннёй і скарысталі яе з нагоды, што 2019-ы — год свінні паводле ўсходняга календара.

Наталля распавяла цікавую гісторыю, што гэтую свінню яна заўважыла на Савецкай вуліцы ў цэнтры Гродна. І адзін вельмі пільны грамадзянін стараўся спыніць юную фатографку, калі яна фатаграфавала, — ён кіраваўся жаданнем “прыпыніць ачарненне савецкай рэчаіснасці”. Вось уласна гэтая свіння стала гераіняй нашага календара, які будзе ўпрыгожваць сцены нашага офіса і кватэр ці офісаў нашых сяброў. То бок мы вырашылі “падлажыць такую свінню” ўсім сваім сябрам”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!