108 0

«Рэпартэры бязь межаў» занепакоеныя бясьпекаю «Новой газеты»

20.04.2017 Крыніца: Радыё Свабода

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» занепакоеныя бясьпекай калектыву «Новой газеты», якой пагражалі чачэнскія ўлады пасьля таго, як яна паведаміла пра перасьлед геяў ў Чачні.

У ліку тых, хто атрымаў пагрозы, былі і журналісты радыёстанцыі «Эхо Москвы». «Рэпартэры бязь межаў» заклікаюць фэдэральныя ўлады Расеі пакласьці канец беспакаранасьці рэжыму прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава.

Як паведамлялася раней, у Цэнтральным мячэце ў Грозным, сталіцы Чачні, празь некалькі дзён пасьля публікацыі «Новой газеты» 1 красавіка адбыўся публічны сход, прысьвечаны арыштам і жорсткаму абыходжаньню з падазраванымі ў гомасэксуалізьме ў Чачні. Гэтая гісторыя была падхопленая СМІ па ўсім сьвеце.

Падчас сустрэчы ў Грозным, якая шырока асьвятлялася чачэнскімі СМІ, дарадца прэзыдэнта Кадырава Адам Шахідаў абвінаваціў «Новую газету» ў паклёпе і назваў яе журналістаў «ворагамі нашай веры і нашай бацькаўшчыны». Пасьля гэтага 24 чачэнскія рэлігійныя і грамадзкія дзеячы падпісалі рэзалюцыю зь пяці пунктаў, у якой публікацыя была названая «абсалютнай хлусьнёй, якая падрывае гонар і рэпутацыю мусульман, жыхароў Чачні і расейскіх грамадзян».

У рэзалюцыі было запэўніваньне, што «сапраўдныя завадатары ў канчатковым выніку будуць пакараныя, дзе б яны ні знаходзіліся і кім бы яны ні былі, і што ня будзе тэрміну даўнасьці па гэтым пакараньні».

«Новая газета» адказала, што рэзалюцыя «заклікае рэлігійных фанатыкаў нанесьці зваротны ўдар супраць журналістаў». І сапраўды, пагрозы хутка пачалі зьяўляцца ў сацыяльных сетках.

Каментары