400

"Рэпарцёры без межаў": Заклікаем неадкладна вызваліць Сяргея Сацука і зняць з яго ўсе абвінавачванні

31.03.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

"Рэпарцёры без межаў" (RSF) заклікаюць да неадкладнага вызвалення рэдактара анлайн-выдання, якому пагражае да дзесяці гадоў зняволення па абвінавачванні ў карупцыі пасля крытыкі паблажлівага падыходу прэзідэнта да эпідэміі Covid-19. Беларускі ўрад спрабуе запалохаць незалежныя СМІ, гаворыцца ў заяве  RSF.

Сяргей Сацук, рэдактар інтэрнэт-выдання “Ежедневник",  добра вядомы журналісцкімі расследаваннямі ў сферы беларускай сістэмы аховы здароўя, быў затрыманы 25 сакавіка па абвінавачванні ў «атрыманні хабару» , што пагражае турэмным зняволеннем да 10 гадоў.

Затрыманне адбылося праз тры дні пасля публікацыі артыкула  «Хто сее паніку вакол каранавіруса, прэзідэнт або сайты і каналы?», у якім ён паставіў пад сумнеў афіцыйную статыстыку заражэння Covid-19 і раскрытыкаваў загад прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі «разабрацца» са СМІ, якія асвятляюць эпідэмію.

З моманту затрымання Сацука, выданне прыпыніла звычайную працу рэдакцыі, працягваючы асвятляць гэтую справу.

На наступны дзень пасля затрымання галоўнага рэдактара, супрацоўнікі аддзела фінансавых расследаванняў правялі ператрус у рэдакцыі і канфіскавалі дакументацыю. Прынамсі тры журналісты і бухгалтар выдання былі дапытаныя ў якасці сведак. Таксама, 27 сакавіка былі праведзеныя ператрусы дома ў Сацука і ягоных суседзяў.

«Гэтае затрыманне з'яўляецца папярэджаннем для СМІ, якія ставяць пад сумнеў палітыку беларускага ўрада ў сферы аховы здароўя», кажа Жанна Кавелье, кіраўнік адзялення «Рэпарцёраў» па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

«Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення Сяргея Сацука і зняцця ўсіх абвінавачанняў супраць яго. Такая крыміналізацыя журналістыкі ў Беларусі стварае непрымальны клімат самацэнзуры».

У жніўні 2019 года, Сацук выкрыў шырокую карупцыйную схему, заснаваную на закупцы фармацэўтычных прэпаратаў за мяжой па завышаных цэнах. У выніку яго публікацый былі затрыманыя некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў міністэрства аховы здароўя. Але, у той жа час, праўрадавыя СМІ, такія як «Беларусь сегодня» і тэлеканал «Беларусь 1»  абвінавацілі яго ў атрыманні хабару і тэндэнцыйным асвятленні падзеяў.

Сацук прадбачыў магчымы пераслед і некалькі месяцаў таму накіраваў ліст у рэдакцыю «Еўрарадыё для Беларусі», незалежную радыёстанцыю, якая знаходзіцца ў Польшчы, з просьбай апублікаваць гэты ліст у выпадку яго арышту.

У лісце Сацук адзначае, што неўзабаве пасля публікацыі артыкула ў студзені 2019 года аб цэнах у сістэме донарства крыві ў Беларусі, яго наведаў прадстаўнік бізнэсмэна фармацэўтычнага сектара, які сказаў яму, што «жыццё і свабода маюць невялікую каштоўнасць у Беларусі».

Беларусь займае 153 месца з 180 краін у Сусветным рэйтынгу свабоды прэсы 2019, які складаюць «Рэпарцёры без межаў».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!