139

"Рэпарцёры без межаў" ставяць сумнеў абставіны затрымання Чудзянцова

02.12.2019 Крыніца: Reporters Without Borders

Міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" (RSF) ставіць пад сумнеў абставіны затрымання Уладзіміра Чудзянцова, які ўдзельнічаў у стварэнні дакументальнага фільма з крытыкай прэзідэнта Лукашэнкі.

Уладзімір Чудзянцоў збіраўся перасекчы польскую мяжу цягніком 21 лістапада, калі ён быў затрыманы за захоўванне наркотыкаў беларускімі мытнікамі.

Паводле супрацоўнікаў мытні, яны знайшлі 0,87 грама марыхуаны ў вопратцы Чудзянцова, рэдактара незалежнага інтэрнэт-агенцтва навінаў by24.org . Супрацоўнікі міліцыі, якія правялі ператрус у яго кватэры ў той жа дзень, сцвярджаюць, што наркотыкі былі знойдзены і там.

Па словах адваката, аналіз крыві Чудзянцова не выявіў у яго ніякіх слядоў наркотыкаў. Зараз ён знаходзіцца ў папярэднім зняволенні, і яму пагражае тэрмін ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў захоўванні і перавозцы наркотыкаў. Дата судовага пасяджэння пакуль не вядомая.

"Абставіны затрымання Уладзіміра Чудзянцова выклікаюць пытанне, чаму быў праведзены дагляд, у той час, калі беларускія мытнікі рэдка правяраць пасажыраў на выездзе з краіны", — кажа прадстаўнік Бюро па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі "Рэпарцёраў без межаў".

«Акрамя таго, дзіўна, што журналіст, вядомы сваёй разважлівасцю, будзе правозіць наркотыкі, асабліва ўлічваючы суворае антынаркатычнае заканадаўства Беларусі. Калі гэта справа была сфабрыкаваная, прымяненне такіх метадаў у дачыненні да журналіста будзе азначаць трывожную эскалацыю падаўлення свабоды распаўсюду інфармацыі ў Беларусі".

Да 2013 г. Чудзянцоў працаваў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, а пазней стварыў by24.org, грамадска-палітычны сайт з жорсткай крытыкай прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і яго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна.

Нядаўна ў супрацы са Сцяпанам Святловым, блогерам, вядомым пад нікам NEXTA, ён прыняў удзел у стварэнні дакументальнага фільма з крытыкай Лукашэнкі, фільм сабраў больш за 1,8 мільёнаў праглядаў на YouTube. Пасля затрымання Чудзянцова NEXTA размясціў на YouTube відэа ў яго падтрымку.

Калі NEXTA арганізаваў акцыю ў Мінску 8 лістапада, беларуская міліцыя затрымала карэспандэнта нямецкай тэлекампаніі грамадскага тэлебачання ARD і яго каманду на больш чым дзве гадзіны, каб не даць ім здымаць падзею.

Беларусь займае 153 месца з 180 краін у Сусветным рэйтынгу свабоды прэсы 2019, які складаюць "Рэпарцёры без межаў".