1507

«Рэпарцёры без межаў»: Пераслед двух беларускіх журналістаў – тэст для міжнароднай супольнасці

17.04.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Міжнародная арганізыцыя “Рэпарцёры без межаў” асудзіла чарговае пакаранне штрафамі беларускіх журналістаў Кастуся Жукоўскага і Ларысы Шчыраковай і заклікала Еўрапейскі Саюз зрабіць абавязковай умовай збліжэння з нашай краінай прагрэс у галіне свабоды медыяў у Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным 16 красавіка прэс-рэлізе “Рэпарцёраў”.  

“Гомель выкарыстоўваць як лабараторыю для выпрабавання спосабаў пераследу журналістаў у Беларусі?”, – задаюцца пытаннем “Рэпарцёры без межаў” і  нагадваюць, што Жукоўскага штрафавалі сёлета ўжо сем разоў, кожны раз на суму каля 300 еўра, а Шчыракову – тры.

“Давядзенне журналістаў да жабрацтва – гэта спосаб разбурыць іх жыццё”, – лічыць Ёхан Бір (Johann Bihr), кіраўнік офіса “Рэпарцёраў” па Ўсходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

“Узровень ціску на журналістаў у Гомелі такі высокі, што гэта выглядае на тэст. Калі міжнародная супольнасць не адрэагуе, рэжым Аляксандра Лукашэнкі адчуе, што ў яго развязаныя рукі пераследаваць журналістаў так, як яму зручна”, – заяўляе прадстаўнік “Рэпарцёраў”.