2343

Рэгіёны – за вольны Байнэт (фота, абнаўляецца)

05.11.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

 

Сябры ГА “БАЖ” у рэгіёнах далучаюцца да кампаніі “Станем за журналістыку”.

Бабруйскія журналісты і блогеры далучыліся да кампаніі “Станем за вольны Байнэт!”

Галоўны рэдактар ​​«Бобруйского курьера», лідар бабруйскіх БАЖаўцаў Анатоль Санаценка распавёў пра сэнс гэтага штогадовага мерапрыемства. Адзначыўшы, што мы, незалежныя журналісты, якія падвяргаюцца ў сваіх краінах рэпрэсіям і пераследу, павінны гэтай акцый паказаць дыктатарам, што мы – разам, нас шмат і нашу волю не знішчыць.

«А ўсім нядобрым людзям і арганізацыям – у «цяжкіх выпадках» – я з вялікім задавальненнем нагадваю пра артыкул 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – «Перашкоды законнай прафесійнай дзейнасці журналіста», –  кажа Анатоль Санаценка.

Лунінецкія БАЖаўцы, супрацоўнікі сайта «Медиа-Полесье» за вольны Байнэт

“Пра кампанію “Станем за журналістыку” мы распавялі  сваім чытачам, – кажа старшыня Лунінецкай суполкі ГА "БАЖ" Святлана Гарда. – І патлумачылі карыстальнікам сайта, што вольны Байнэт – гэта Байнэт, дзе гучыць праўдзівае вольнае слова, а не ў тым сэнсе, што туды можна скідваць усё без разбору...”

Партал “Медиа-Полесье” не раз на працягу года падвяргаўся DDOS-атакам. Па словах Святланы Гарда, высветліць, ад каго сыходзіла такая “ініцыятыва”, не ўдалося.

У Віцебску пасадзілі «Дрэва салідарнасці журналістаў» і «Дрэва будучыні незалежнай прэсы»

Усяго сем бярозак і маладых клёнаў пасадзілі незалежныя журналісты ў адным з мікрараёнаў-новабудоўляў. Такім чынам віцебскія БАЖаўцы далучыліся да сусветнай кампаніі прафесійнай салідарнасці «Станем за журналістыку».

На невялікай алеі, закладзенай журналістамі, з'явілася “Дрэва памяці закрытых сайтаў”, "Дрэва памяці закрытых газет", а таксама “Дрэва салідарнасці журналістаў”, “Дрэва будучыні незалежнай прэсы”, “Дрэва ў гонар нашых адданых чытачоў”, “Дрэва ў гонар бясстрашных распаўсюднікаў вольных СМІ” і  “Дрэва ў гонар 20-годдзя ГА “БАЖ””.

Мясцовыя жыхары ўхвалілі ініцыятыву, бо ў раёне кожнай гарадской новабудоўлі заўжды бракуе “зялёных зон”. Тутэйшыя насельнікі, якія  і самі нямала робяць для азелянення сваіх двароў, паабяцалі даглядаць “навасёлаў”.

Калі дрэўцы пасадзілі і шчодра палілі, на кожнае з іх «прыляцела» папяровая птушка-арыгамі, зробленая з газеты.

Дакладна такіх самых “вольных птушак незалежнай прэсы” журналісты трымалі ў руках, фатаграфуючыся на фоне вядомага віцебскага “графіці з птушкамі і клеткамі”.  Фотасесію, здымкі з якой з'явіліся ў інтэрнэце 5 лістапада мінулага года, віцебская міліцыя расцаніла  як несанкцыянаваную акцыю. Шасцёра ўдзельнікаў, апазнаных на фотаздымках,  былі пакараныя штрафамі памерам ад 18 да 25 базавых велічынь. Яшчэ аднаму ўдзельніку – мінаку, які вырашыў далучыцца да журналістаў – быў прысуджаны адміністрацыйны арышт на трое сутак.

У кастрычніку гэтага года, незадоўга да дня міжнароднай кампаніі "Станем за журналістыку", графіці на будынку былога дома культуры зафарбавалі. Замест малюнка, які для многіх віцяблянаў быў увасабленнем незалежнай прэсы, на сцяне будынка па вуліцы Ільінскага цяпер тры шэрыя квадраты. Скрозь іх праглядаюцца выявы чорных клетак. А “вольныя птушкі незалежнай прэсы” цяпер жывуць у іншым месцы.

Дрэва журналісцкай салідарнасці з'явілася ў Полацку

У двары дома па праспекце Скарыны – цэнтральным праспекце Полацка – цяпер будзе расці дуб, пасаджаны ў дзень міжнароднай кампаніі "Станем за журналістыку".

"Мы выбіралі дрэва, ужо адна назва якога сімвалізуе моц і непахіснасць. Менавіта  дуб найбольш падыходзіць для таго, каб стаць увасабленнем журналісцкай салідарнасці, якая мусіць мацнець год ад году. Насуперак усім неспрыяльным умовам – і ціску на незалежныя сайты, і прафесійным цяжкасцям, з якімі сутыкаюцца беларускія незалежныя журналісты… Мы проста вымушаныя быць моцнымі і нязломнымі, як сапраўдныя дубы-асілкі!", – кажа кіраўнік Полацкай суполкі ГА "БАЖ" Віктар Стукаў.

Брэст

Сябры адной з найбуйнейшых рэгіянальных філій ГА “БАЖ” сёлета далучыліся да кампаніі з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі і мабільных прыладаў. Па словах кіраўніка філіі Алега Супрунюка, гэта пацвярджае надзвычайную ролю Інтэрнэта ў сучасным жыцці. “Журналістам неабходна выконваць сваю працу без перашкодаў у віртуальнай прасторы, а людзям – мець доступ да незалежных інтэрнэт-рэсурсаў”, – перакананы Алег Супрунюк. Да сённяшняй кампаніі далучыліся сябры ГА “БАЖ” не толькі ў Брэсце, але і ў Бярозе і Івацэвічах.       

Глыбокае

Глыбоцкая суполка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” далучылася да кампаніі ў падтрымку журналістаў і свабоднага доступу да інтэрнэт-рэсурсаў. Самыя актыўныя БАЖаўцы сфатаграфаваліся з лагатыпаміі, якія распрацавалі віцебскія калегі.

Па словах рэдактара газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзіміра Скрабатуна, вельмі важна ў наш час, у беларускіх рэаліях, журналістам падтрымліваць адзін аднога. На яго думку, у Беларусі адзіная згуртаваная і кансалідаваная супольнасць, якая можа бараніць свае правы, – журналісцкая. Праца ў Беларусі для журналістаў – нялёгкая, але яна патрэбная чытачам, каб яны маглі валодаць альтэрнатыўнай і аб’ектыўнай інфармацыяй. Таму пра гэта трэба памятаць і адстойваць свае правы, правы калег-журналістаў, і праяўляць салідарнасць.

Магілёў

Станем за вольны Байнэт! (інфаграфіка)