2094

Рэестры распаўсюднікаў: да 1 ліпеня – падаць заяву ў Мінінфармацыі

14.05.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Распаўсюднікам прадукцыі друкаваных, тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ належыць да 1 ліпеня прадаставіць звесткі пра сябе ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння ў адпаведныя Дзяржаўныя рэестры.

Гэта вынікае з пастановы Мінінфармацыі ад 17 красавіка (№3) «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання дзейнасці распаўсюднікаў друкаваных, тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ».

У адпаведнасці з дакументам, усе, хто выконваў функцыю распаўсюду СМІ па стане на 1 студзеня 2015 г., павінныя даслаць у Мінінфарм заяву вызначанага ўзору.

Дзейнасць па распаўсюдзе СМІ без уключэння ў рэестр лічыцца незаконнай і цягне адказнасць “у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі краіны”, – паведамілі БелТА ў Міністэрстве інфармацыі.

Не падлягаюць уключэнню ў дзяржаўныя рэестры распаўсюднікі-рэдакцыі СМІ – калі яны распаўсюджваюць СМІ, якія самі выпускаюць.

Да 1 ліпеня ўключэнне ў рэестры будзе адбывацца паводле паведамляльнага прынцыпу, а пасля гэтай даты трэба будзе разам з заявай падаваць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы ці індывідуальнага прадпрымальніка. Замежным структурам трэба будзе прадаставіць легалізаваную выпіску з гандлёвага рэестру краіны заснавання альбо “іншы эквівалентны доказ юрыдычнага статусу”.

Мэты стварэння дзяржаўных рэестраў распаўсюднікаў СМІ заяўленыя як “збор, аналіз і захоўванне звестак пра распаўсюднікаў”, “ацэнка іх дзейнасці ў межах заканадаўства Рэспублікі Беларусь”, “распрацоўка прапановаў па ўдасканаленні распаўсюду”, “аналіз забяспечанасці насельніцтва прадукцыяй СМІ”.

Згаданыя рэестры маюць быць размешчаныя на сайце Мінінфармацыі ў адкрытым доступе.