1302 1

Рэдактары недзяржаўных СМІ звярнуліся ў Белтэлерадыёкампанію

12.02.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Ліст з просьбай прадставіць магчымасць выказацца ў “Клубе рэдактараў” падпісалі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько, шэф-рэдактар “Народнай Волі” Святлана Калінкіна, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч і старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.

Рэдактары недзяржаўных СМІ звярнуліся ў Белтэлерадыёкампанію

У лісце прадстаўнікі СМІ звяртаюць увагу на тое, што ў эфіры ад 7 лютага журналістаў недзяржаўных выданняў неаднаразова згадвалі ў адмоўным святле з выкарыстаннем механізмаў агрэсіўнай прапаганды найгоршага кшталту: падзяленне на “сваіх” і “чужых”, навешванне ярлыкоў, агульнае прыніжэнне “тых, хто не падтрымлівае дзяржаўную пазіцыю” і г.д.

Разам з тым, у перадачы галоўны рэдактар газеты “СБ.Беларусь Сегодня” Павел Якубовіч заклікаў для абмеркавання пытанняў свабоды слова з удзелам усіх зацікаўленых у гэтым бакоў: прадстаўнікоў БАЖ і БСЖ, журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных медыяў, дзяржаўных службоўцаў.

“Мы гатовыя да дыялогу, да публічнага дыялогу, але ці гатовыя да гэтага Вы? Калі так, то мы гатовыя прыняць удзел у “Клубе рэдактараў”, каб выказаць свой пункт гледжання, як па канкрэтных пытаннях, якія абмяркоўваліся цягам апошніх двух выпускаў, так і наконт ролі і месца СМІ ў сучасным грамадстве”, – гаворыцца ў звароце.

Зварот на адрас Генадзя Давыдзькі накіраваны ў Белтэлерадыёкампанію заказным лістом.

Давыдзька, Дзермант і Якубовіч накінуліся на збітага Дабравольскага

Каментары

Клуб редакторов или клуб цензоров?