311

Рэдактару «Інфа-Кур'ера» і яго намесніку прызначылі па 15 сутак арышту за непадпарадкаванне

17.03.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Сёння адбыўся суд над галоўным рэдактарам і ўладальнікам слуцкай незалежнай газеты «Інфа-Кур'ер» Сяргеем Станкевічам і яго намеснікам Алегам Рубчэнем. Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, суд Слуцкага раёна прызначыў медыйшчыкам па 15 сутак адміністрацыйнага арышту, прызнаўшы вінаватымі ў непадпарадкаванні міліцыі пры затрыманні.

Як паведамілі БАЖ, суд праходзіў у памяшканні Слуцкага РАУС. Родных і калег затрыманых журналістаў на пасяджэнне не пусцілі. На працэсе прысутнічала толькі адвакат.

Віну затрыманыя не прызналі.

Нагадаем, 15 сакавіка сілавікі правялі ператрус у офісе рэдакцыі «Інфа-Кур’ера», забралі ўсю асноўную тэхніку, а з прысутных узялі падпіску аб неразгалошванні. На наступны дзень наклад газеты адмаўляліся прымаць крамы «Белсаюздруку». Галоўны рэдактар і ўладальнік газеты Сяргей Станкевіч, а таксама яго намеснік Алег Рубчэня былі затрыманыя і да суда змешчаныя ў мясцовы ІЧУ.

Сёння рэдакцыя паведаміла, што нумар газеты «Інфа-Кур’ер» ад 16 сакавіка цяпер зноў можа набыць у шапіках «Белсаюздруку».

Чытайце яшчэ:

Журналіста Сяргея Сацука перавялі ў магілёўскую калонію

«Без нацыянальнага прымірэння нам не захаваць незалежнасці Беларусі». Адкрыты ліст Іосіфа Сярэдзіча

На фоне разгрому парэшткаў незалежнай прэсы міністр інфармацыі пахваліўся «прыбытковымі медыяхолдынгамі»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!