НЕ - ВАЙНЕ!
712

Рэдактара Intex-Press аштрафавалі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"

25.01.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Уладзіміра Янукевіча аштрафавалі на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП за “распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, што ўключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозку з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі”.

Адміністрацыйная справа разглядалася 18 студзеня ў судзе Баранавічскага раёна і г. Баранавічы.

Як патлумачыў Уладзімір Янукевіч, справа датычыцца не выдання Intex-Press, а другога прадпрыемства — ПУП "Цэнтр Рунь", якое займаецца рэкламай.

Я з’яўляюся дырэктарам і ў ім, і ў ТАА "Выдавеці дом “Інтэкс-прэс”, — распавёў Уладзімір Янукевіч. — Калі падчас ператрусу з гэтых прадпрыемстваў забралі тэхніку, то ў адным планшэце знайшлі нібыта забароненую інфармацыю”. У выніку Уладзіміра Янукевіча прыцягнулі да адказнасці як фізічную асобу, хаця паводле матэрыялаў справы ён праходзіў як дырэктар ПУП “Цэнтр Рунь”.

Такім чынам, Уладзімір Янукевіч пакараны штрафам памерам 20 базавых велічынь: цяпер гэта складае 640 рублёў. Акрамя таго, паводле рашэння суда, на карысць дзяржавы быў канфіскаваны планшэт. 

Рэдактар баранавіцкага выдання кажа, што абскарджваць рашэнне райсуда ён не збіраецца.

“У сучасных умовах гэта проста выкінутыя сродкі. А нам трэбна ўтрымаць рэдакцыю, на якую працягваецца ціск”, — адзначае Уладзімір Янукевіч.

Нагадаем раней, напрыканцы 2021 года, Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта баранавіцкага выдання Intex-Press. У загадзе міністра Уладзіміра Пярцова, паведамлялася, што прычынай блакіроўкі былі “парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюд якой забаронены”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!