НЕ - ВАЙНЕ!
735

Рэдактара газеты "Новы Час" Аксану Колб затрымалі на 10 сутак

20.04.2022 Крыніца: Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў

Сёння да Аксаны Колб прыйшлі сілавікі і звезлі яе на допыт.

Каля 15 гадзін Аксана Колб патэлефанавала блізкім і паведаміла, што яе змяшчаюць у ІЧУ да 10 сутак. З якой нагоды і па якой справе — невядома.

Як паведамілі блізкія Аксаны Колб, група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала сёння ў кватэру, дзе яна жыве. Яны паведамілі, што забіраюць рэдактарку "Новага Часу" на допыт у СК. Па якой справе і ў якім статусе — невядома.

Нагадаем, газета "Новы Час" са жніўня 2021 года не выходзіць, сайт novychas.by быў заблакаваны ў Беларусі ў кастрычніку 2021 года.

Цяпер у няволі ў Беларусі знаходзяцца 25 прадстаўнікоў медыя.

«Новы час» чытае як мінімум тысяча зняволеных: размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб

«Новы Час» — беларуская агульнапалітычная штотыднёвая газета. Заснавана Мінскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, спадкаемца газеты "Згода". Выдаецца з сакавіка 2002.

У лістападзе 2020 года падчас асвятлення пратэстаў у Беларусі былі затрыманыя фотакарэспандэнты газеты. Адну з іх — Яну Трусіла — затрымлівалася два разы і агулам яна была пакараная 28 суткамі адміністрацыйнага арышту. Фатографа выдання Дзмітрыя Дзмітрыева таксама неаднаразова затрымлівалі. 9 жніўня 2020 га яго затрымалі падчас працы на выбарчым участку з прымяненнем гвалту. Затым яго некалькі разоў затрымлівалі ў кастрычніку, а ў лістападзе пасля чарговага затрымання прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

5 жніўня 2021 года рана раніцай у дом Дзмітрыя прыйшла міліцыя. Фатографа забралі на допыт, у той жа дзень адбыўся суд. Дзмітрыева прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «супраціў супрацоўнікам міліцыі».

12 сакавіка 2021 года арыштавалі журналіста выдання Дзяніса Івашына. Дзяніс Івашын — аўтар цыклу артыкулаў-расследаванняў "Каго ці што абараняе "Беркут" у Беларусі». Івашына абвінавачваюць па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса (ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Журналіст прызнаны палітычным зняволеным. Пазней Івашыну прадхявілі абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве.

20 кастрычніка 2021 года сілавікі прыйшлі ў "Новы Час", былі затрыманыя рэдактар Аксана Колб і намеснік рэдактара Сяргей Пульша. Пасля ператрусаў і допытаў рэдактараў вызвалілі.

14 студзеня 2021 года стала вядома, што «Белсаюздрук» разрывае дамову з рэдакцыяй аб распаўсюдзе яе выдання ў сваіх кіёсках з 1 лютага. З гэтага моманту газета распаўсюджвалася толькі па падпісцы. 7 чэрвеня "Белпошта" праінфармавала рэдакцыю, што газета выключаная з падпіснога каталога на другое паўгоддзе. Рэдакцыя самастойна рассылала газету падпісчыкам. Цяпер газета не выходзіць на паперы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!