1356

Рэдактар "Вольнага горада" патрабуе адмяніць рашэнне Крычаўскага райсавета

02.08.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Рэдактар крычаўскай незалежнай газеты "Вольны горад", прадстаўнік Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінскі камітэт» на тэрыторыі Крычаўскага раёна Сяргей Няроўны 31 ліпеня накіраваў зварот на імя старшыні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Ірыны Пруднікавай.

Сяргей Няроўны просіць Ірыну Пруднікаву ўнесці на сесію Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў пытанне аб адмене рашэння Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта №9-24 ад 7 красавіка 2017 года "Аб вызначэнні месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў у Крычаўскім раёне», як не адпавядаючага Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які з'яўляецца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства і падлягае непасрэднаму ўжыванню.

Ірына Пруднікава

Рашэнне Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта №9-24 "Аб вызначэнні месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў у Крычаўскім раёне» было прынятае 7 красавіка 2017 г. У ім заяўнікам для правядзення масавых мерапрыемстваў прапануецца толькі стадыён «Сож-2002», вельмі нязручны для правядзення падобных акцый.

Сяргей Няроўны лічыць, што дадзенае рашэнне з'яўляецца, па сутнасці, дыскрымінацыйным, так як пры правядзенні масавых мерапрыемстваў дае прывілеі толькі дзяржаўным органам. Таму рэдактар «Вольнага горада» прапануе дэпутатам Крычаўскага райсавета адмяніць рашэнне №9-24, як незаконнае.

Журналіст просіць прадаставіць яму магчымасць прысутнічаць на пасяджэнні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў пры разглядзе яго прапановы, загадзя паведаміўшы яму пра дату, месца і час пасяджэння Савета. Таксама Няроўны звяртаецца да Пруднікавай з просьбай праінфармаваць яго аб прынятым рашэнні.

“Рашэннем райвыканкама зацверджана толькі адно месца на ўскраіне горада — стадыён «Сож-2002» за плотам, дзе дазволеныя сходы, што параўнальна з неабмежаванай забаронай.

Неправамерная забарона на правядзенне мірнага сходу цягне парушэнне права на свабоду выказвання меркавання, думкі, сумлення і рэлігіі (гэтыя свабоды блізкія адзін да аднаго).

У цэлым парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, прыведзены ў рашэнні №9-24 ад 7 красавіка 2017 года "Аб вызначэнні месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў у Крычаўскім раёне», устаноўлены такім чынам, каб сарваць намеры арганізатараў масавага мерапрыемства, замест таго, каб спрыяць сходам на аснове прэзумпцыі на карысць правядзення сходаў”, — выказвае сваё меркаванне Сяргей Няроўны.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!