224

Рэдактар Hrodna.life падаў скаргу на штраф за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі

09.04.2021 Крыніца: Hrodna.life Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота 9 красавіка падаў скаргу ў Гродзенскі абласны суд на рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна. 19 сакавіка яму прысудзілі штраф у 400 базавых велічынь (11 600 рублёў) — як прадстаўніку арганізацыі - і 25 базавых велічынь (725 рублёў) — як фізічнай асобе за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі. Аляксей Шота не пагадзіўся з рашэннем суда.

 Рэдактар Hrodna.life падаў скаргу на штраф за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі

На думку Аляксея і рэдакцыі Hrodna.life, рашэнне трэба адмяніць у сувязі з аднабаковасцю, непаўнатой і неаб’ектыўным даследаваннем абставінаў. Справу варта спыніць за адсутнасцю складу адміністрацыйнага правапарушэння, лічыць галоўны рэдактар. Калі пройдзе пасяджэнне ў абласным судзе, пакуль невядома.

Чаму справу варта спыніць?

У судзе 19 сакавіка Аляксей Шота прызнаў, што сапраўды размясціў спасылку і лагатып Telegram-канала ў матэрыялах на сайце. Але, па-першае, на той момант Telegram-канал не быў прызнаны экстрэмісцкім. Па-другое, пасля прызнання яго экстрэмісцкім на сайце выдалілі ўсе згадкі, якія змаглі знайсці. А значыць, свядомага, мэтанакіраванага і наўмыснага распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, што ставілася ў віну Аляксею, не было.

Прысудзілі штраф, канфіскавалі тэхніку

19 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Гродна галоўнаму рэдактару Hrodna.life Аляксею Шоце прысудзілі штраф у 400 базавых велічынь (11 600 рублёў) — як прадстаўніку арганізацыі - і 25 базавых велічынь (725 рублёў) — як фізічнай асобе — па арт.17.11 КаАП (у рэдакцыі 2003 года). Канфіскаваны падчас агляду ў рэдакцыі ноўтбук канфіскавалі. Астатнюю канфіскаваную тэхніку адправілі на экспертызу і па гэтым факце пачалі асобную праверку.

Справу разглядала суддзя Наталля Козел. Сведкам па справе праходзіў супрацоўнік міліцыі Вадзім Налівайка, таксама ўдзельнічаў прадстаўнік АУС Андрэй Пігульскі.

Справы за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў

12 красавіка па тым жа артыкуле пачнуць судзіць рэдактара newgrodno.by Ігара Бублікава (Рэмзіка). Таксама праводзяць праверку ў дачыненні да «Газеты Слонімскай».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!