427

Рэдактар газеты "Царква" атрымаў 15 сутак арышту. Ён заявіў, што думае пра абвяшчэнне галадоўкі

08.10.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Выпускаючы рэдактар газеты «Царква» быў шакаваны рашэннем суда. Ён адмаўляе свой удзел у пратэстным мітынгу.

Міліцыянты затрымалі рэдактара газеты “Царква” Ігара Бараноўскага 4 кастрычніка на вуліцы Савецкай ў Брэсце і да суда на трое сутак змясцілі ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС.

Яго абвінавацілі паводле артыкула 23.34 КаАП (“Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”).

У судзе справу Бараноўскага пачалі разглядаць 7 кастрычніка, але літаральна за некалькі хвілін да пачатку слухання супрацоўнік міліцыі запрасіў Ігара выйсці з судовай залы. Як высветлілася, зроблена гэта было дзеля таго, каб выправіць складзены ў дачыненні яго адміністрацыйны пратакол, дзе быў пазначаны ўжо іншы час нібыта здзейсненага правапарушэння.

Як распавёў Ігар Бараноўскі, першапачаткова ў пратаколе было напісана, што ён знаходзіўся на вуліцы Савецкай ў мінулую нядзелю ў 14.15.

“Лічу, што ў міліцыі фальсіфікуюць справу на хаду, бо не было доказаў, што я нешта парушаў. Таму вырашылі прымусіць мяне змяніць час, каб падагнаць пад сваю версію”, — лічыць Ігар Бараноўскі.

На пытанне суддзі Аляксандра Семянчука, ці жадае рэдактар газеты “Царква” азнаёміцца з матэрыяламі справы, той адказаў, што ў сітуацыі, калі так змяняюцца акалічнасці затрымання, варта б было звярнуцца па дапамогу адваката.

Суддзя задаволіў хадайніцтва і перанёс працэс на 8 кастрычніка. Сёння падчас выступу ў судзе Ігар Бараноўскі заявіў, што не лічыць сябе вінаватым, бо 4 кастрычніка ішоў па вуліцы Савецкай да сваёй сястры і ніякіх шэсцяў у гэты час не было.

“Ні падчас затрымання, ні калі мяне прывезлі ў Ленінскі РАУС ніхто не казаў, што канкрэтна я парушыў. Тым больш, што і з часам затрымання была блытаніна. Я не супраціўляўся, не бачыў ніякага шэсця”, — кажа Ігар Бараноўскі.

Азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, выслухаўшы тлумачэнні сведкі  — ім быў участковы міліцыянт — і самога абвінавачанага, а таксама прагледзеўшы відэа, знятае міліцыяй на вуліцы Савецкай, суддзя Аляксандр Семянчук прызнаў Ігара Бараноўскага вінаватым і пакараў арыштам на 15 сутак.

Сам журналіст быў шакаваны такім рашэннем і заявіў пасля суду, што разлічваў у горшым выпадку на штраф. Ён таксама паведаміў, што не выключае абвяшчэння галадоўкі на знак пратэсту супраць затрымання і судовага пакарання.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!