НЕ - ВАЙНЕ!
2182

Рэдакцыя “Газеты Слонімскай” зладзіла для дзетак сустрэчу з родным словам

28.11.2016 Крыніца: Жанна Іванова для baj.by

Рэдакцыя “Газеты Слонімскай” зладзіла “Сустрэчу з родным словам” для вучняў пачатковых класаў адной са школ Слоніма. На імпрэзе дзеткі гулялі ў разнастайныя гульні, атрымлівалі падарункі і частаваліся рознымі прысмакамі. А галоўным удзельнікам сустрэчы была Яго Вялікасць Роднае Слова.

Акцыя “Сустрэча з родным словам” праводзілася дзеля таго, каб яшчэ раз паказаць дзецям прыгажосць і сакавітасць роднай мовы, каб зазначыць, як важна ведаць родную мову і карыстацца ёю ў паўсядзённым жыцці.

Сустрэча праходзіла ў гарадской кавярні. (На жаль, правесці яе ў больш прыдатным для мерапрыемстваў такога фармату месцы — дзіцячай бібліятэцы — не аказалася магчымым: на гэта не даў дазволу Слонімскі райвыканкам.) Напачатку дзеці пагутарылі са слонімскім дзіцячым пісьменнікам Аляксеем Якімовічам, які прыйшоў не з пустымі рукамі, а са сваімі кнігамі. Не менш за чацвёртакласнікаў сустрэчы ў нязмушанай абстаноўцы быў рады сам пісьменнік, які зачараваў прысутных аповедам на прыгожай, бездакорнай роднай мове. І кожны з удзельнікаў імпрэзы атрымаў у падарунак ад майстра слова каштоўны падарунак — кнігу на беларускай мове “Металічны чалавек” з аўтографам аўтара.

Кожны з дзяцей змог праявіць сябе ў разнастайных конкурсах, падрыхтаваных адмыслова вядоўцай імпрэзы Вольгай Бурсевіч, бухгалтарам рэдакцыі. А ўдзельнічаць ва ўсіх конкурсах і гульнях, якія выяўлялі багаты слоўнікавы склад і вобразнасць беларускай мовы, хацелі ўсе госці без выключэння. Кожны з іх напрыканцы акцыі атрымаў падарунак ад “Газеты Слонімскай” (свежы нумар газеты, фірменны блакнот, паштоўку, магніцік, ручку і цукеркі).

Хочацца спадзявацца, што сустрэча з родным словам засталася ў памяці чацвёртакласнікаў. Бо што, як не родная мова, можа пакінуць найярчэйшы след у душы і найлепш аб’яднаць людзей?.. 

Фота “Газеты Слонімскай”:

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!