933

Рэдакцыя “Газеты Слонімскай” падвяла вынікі конкурса дзіцячых малюнкаў

07.06.2016 Крыніца: Мікола КАНАНОВІЧ для baj.by. Фота з архіва “ГС”

У першую нядзелю чэрвеня ў Слонімскай гарадской дзіцячай бібліятэцы рэдакцыя “Газеты Слонімскай” падвяла вынікі конкурса дзіцячых малюнкаў “Мая сям’я”.

У гэтым конкурсе паўдзельнічалі 45 юных мастакоў ва ўзросце да 12 гадоў, малюнкі якіх друкаваліся ў газеце на дзіцячай старонцы цягам двух месяцаў. Чытачы газеты і наведнікі сайта галасавалі за малюнкі, якія ім найбольш спадабаліся.

Першае месца атрымала 9-гадовая слонімская мастачка Ілона Каштальян. Яе малюнак “Дзень нараджэння мамы” набраў найбольшую колькасць чытацкіх галасоў і аздобіў адмысловую паштоўку, якая пабачыла свет у Слонімскай друкарні накладам 150 асобнікаў.

Марыяна Кучарава і Паліна Валодзіна занялі адпаведна другое і трэцяе месцы па выніках галасавання. Але ніхто ў той дзень не быў пакрыўджаны арганізатарамі конкурсу — усіх чакаў святочны торт і памятныя падарункі ад газеты.

Конкурсныя малюнкі юных мастакоў тым часам склалі экспазіцыю выставы ў дзіцячай бібліятэцы Слоніма.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!